Еўрасаюз спадзяецца, што спрэчка паміж Беларуссю і Расіяй не паўплывае на транзіт расійскага газу ў Еўропу і ўсе кантрактныя абавязацельствы будуць выкананыя. Пра гэта заявіла 21 чэрвеня ў Бруселі Марлін Холцнер, прэс‑сакратар еўракамісара па пытаннях энергетыкі Гюнтэра Этынгера паведамляе прэс‑служба Еўракамісіі.

Холцнер паведаміла, што раніцай 21 чэрвеня еўракамісар атрымаў ад віцэ‑прэм’ера Расіі Ігара Сечына інфармацыю аб скарачэнні паставак газу ў Беларусь і аналіз магчымых наступстваў. Расія праінфармавала Еўракамісію ў рамках сістэмы ранняга папярэджання, якая была распрацавана ў 2009 годзе.

Паводле слоў Холцнер, ЕС будзе ўважліва сачыць за развіццём сітуацыі з мэтай ацаніць, як скарачэнне паставак у Беларусь можа адбіцца на пастаўках газу ў краіны ЕС, і пачынае праводзіць па гэтым пытанні кансультацыі. Ужо сёння адбудзецца сустрэча экспертаў Еўракамісіі і пасольства Расіі пры ЕС.

Холцнер падкрэсліла, што скарачэнне паставак расійскага газу ў Беларусь «не абавязкова» паўплывае на транзіт, паколькі Беларусь «не абавязкова спыніць пастаўку газу», а акрамя таго, праз краіну ў ЕС ідзе «невялікая колькасць» гэтага паліва.

Паводле папярэдніх заключэнняў, калі Беларусь спыніць транзіт газу, больш за іншых пацерпіць Літва, якая на 100% залежыць ад паставак праз беларускую тэрыторыю. Зрыў транзіту можа таксама адбіцца на Польшчы і Германіі, якія ў гэтым выпадку не змогуць запампаваць запланаваную колькасць газу ў свае газасховішчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?