У Мінску пачалося будаўніцтва гатэля для жывёл, паведаміў дырэктар мінскага прадпрыемства па часовым утрыманні жывёл «Фауна горада» Юрый Ліпніцкі.

Паводле яго слоў, перад будынкам «Фауны горада» (вуліца Гурскага, 42) ААТ «Мінскрамбуд» ужо ўстанавіла будаўнічыя бытоўкі, рабочыя збіраюцца агарадзіць тэрыторыю і пачаць капаць катлаван. Плануецца, што будаўніцтва гатэля зойме два гады.

Як паведаміў Ліпніцкі, гатэль размесціцца на плошчы прыблізна 1,2 га.

Ён будзе разлічаны на 72 месцы: 36 — для сабак і столькі ж для катоў.
Зносіны жывёл будуць абмежаваныя: нумары для сабак плануецца раздзяліць сеткаватай перагародкай, для катоў — пластыкавай сценкай. Для ўсіх 36 сабак будуць прадугледжаны асобныя вальеры для выгулу.
Асабліва патрабавальныя гаспадары змогуць размясціць сваіх гадаванцаў у нумары люкс: па тры для катоў і сабак.
Гэта будуць асобныя прасторныя пакоі.

Паводле слоў Ліпніцкага, у гатэлі таксама будуць аказваць паслугі па лячэнні жывёл, іх мыццю, стрыжцы і, магчыма, дрэсіроўцы.

Спецыяліст не змог сказаць пра кошт паслуг гатэля. Аднак, паводле яго слоў,

плануецца прадугледзець два варыянты: утрыманне, пры якім корм дае гаспадар, і утрыманне з ежай, прыгатаванай кухарамі гатэля.

На кожнага пастаяльца будзе заведзена картка, у якой указаны звесткі пра гаспадара, мянушка жывёліны, звесткі пра прышчэпкі і перанесеныя інфекцыйныя захворванні. Паміж гаспадаром жывёліны і адміністрацыяй гатэля будзе заключаны дагавор, які прадугледжвае абавязацельства гатэля вярнуць жывёліну «здаровай і цэлай».

Як зазначыў Ліпніцкі, прадугледжваецца, што гатэль будзе аказваць паслугу браніравання нумароў загадзя, за некалькі месяцаў да магчымай даты ад’езду гаспадара.

Дырэктар «Фауны горада» нагадаў, што

прадпрыемства ініцыюе стварэнне ў Мінску могілак для жывёл.
Чакаецца, што яны будуць размяшчацца за Мінскай кальцавой аўтадарогай, як мяркуецца, за вёскай Малы Трасцянец. Выдзяленне ўчастка для пахавання і рытуальныя паслугі будуць платнымі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?