Удзельнікі канферэнцыі нацыянальнага Форуму грамадзянскай супольнасці (ФГС) «Дарожная карта Усходняга партнёрства для Беларусі», што прайшла 6 ліпеня ў Мінску, вызначылі рэкамендаваны склад дэлегацыі для ўдзелу ў Форуме грамадзянскай супольнасці праграмы ЕС «Усходняе партнёрства». У склад дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі 32 арганізацый.

У ліку арганізацый, якія рэкамендаваў ФГС, ёсць як зарэгістраваныя, так і незарэгістраваныя грамадскія аб’яднанні. У прыватнасці,

у рэкамендаваны склад дэлегацыі ўвайшлі такія арганізацыі, як Асамблея дэмакратычных недзяржаўных арганізацый, Беларуская асацыяцыя журналістаў, рух «За Свабоду», Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Таварыства беларускай школы, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і іншыя.

Апрача таго, у якасці ўдзельнікаў дэлегацыі рэкамендаваны праўладныя арганізацыі: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і прафсаюз работнікаў адукацыі. «Арганізатары канферэнцыі палічылі неабходным унесці іх у спіс арганізацый, якія бяруць удзел у ФГС, паколькі прафсаюзы ўсё-такі з’яўляюцца часткай трэцяга сектара Беларусі», — сказаў адзін з арганізатараў канферэнцыі, кіраўнік кансорцыума «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка.

Тым не менш, паводле яго слоў, спіс удзельнікаў Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства яшчэ будзе ўдакладняцца. «Існуюць пэўныя крытэрыі для ўдзелу ў форуме з боку Еўрапейскай камісіі і з боку Еўрасаюза. 26–27 ліпеня ў Бруселі ўжо еўрапейскія структуры вызначаць, хто ад Беларусі будзе браць удзел у форуме, які пройдзе ў лістападзе 2010 года ў Берліне», — зазначыў Вялічка.

Нагадаем, у першай сустрэчы Форуму грамадзянскай супольнасці ў лістападзе 2009 года ў Бруселі ўзялі ўдзел 27 арганізацый, якія былі адабраны з 76, што падалі заяўкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?