Святлана Завадская распавяла, як яе муж, журналіст Дзмітрый Завадскі, сыходзіў ад Аляксандра Лукашэнкі, навошта ездзіў у Чачню, і па якой прычыне яго маглі выкрасці.

Выкраданне журналіста афіцыйна лічыцца раскрытым. Вінаватымі ў ім былі прызнаныя афіцэры спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерый Ігнатовіч і Максім Малік (асуджаныя на пажыццёвае зняволенне), а таксама Аляксей Гуз і Сяргей Савушкін (асуджаныя на 25 і 12 гадоў пазбаўлення волі). Ні адзін з іх сваёй віны не прызнаў. Цела Завадскага таксама знойдзена не было.

Па версіі следства Ігнатовіч хацеў адпомсціць Завадскаму за інтэрв’ю «Беларускай дзелавой газеце». У ім Дзмітрый казаў пра ваюючых на баку чачэнскіх баевікоў беларусаў, узгадаў выпадак з затрыманнем Ігнатовіча, але імя апошняга не называў.

Выкраданне Дзмітрыя Завадскага адбылося праз год пасля знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Існуе меркаванне, што да знікнення Завадскага могуць быць датычныя тыя ж людзі, якія падазраюцца ў выкраданні палітыкаў.

— Святлана, раскажыце, як вы пазнаёміліся з Дзмітрыем, калі пажаніліся?

— Пазнаёміліся мы яшчэ вельмі маладымі на дыскатэцы ў 1989 годзе. Я была студэнткай тэхнікума, а Дзіма толькі скончыў школу і працаваў на тэлебачанні памочнікам аператара.

У Дзіму я закахалася з першага погляду: ён быў прыгожым, вельмі высокім (1 м 90 см). Потым аказалася, што ён яшчэ і вельмі добры чалавек.

Праз год мы пажаніліся, яшчэ праз год у нас нарадзіўся сын.

Працаваў Дзіма заўсёды шмат — у яго былі сталыя камандзіроўкі, цвёрды графік адсутнічаў. Але ў нас ніколі не было сварак.

Калі мы пажаніліся, нам было па 18 гадоў, і мы асвойвалі гэтае жыццё разам. Я зусім не ўмела гатаваць, і мы ў першы раз смажылі курыцу, у першы раз рабілі торт.

— Чаму Дзмітрый абраў прафесію аператара?

— Тлумачэнне простае: яго дзядзькам быў знакаміты рэжысёр Валерый Басаў. З яго лёгкай рукі Дзіма і трапіў на беларускае тэлебачанне.

Дзіма яшчэ ў дзяцінстве добра фатаграфаваў. Тое, што было дадзена яму звыш, ён змог рэалізаваць у сваёй прафесіі.

Працу сваю ён вельмі любіў. У ёй Дзіма рэалізаваў сябе эмацыйна і псіхалагічна.

— Як Дзмітрый стаў асабістым аператарам Аляксандра Лукашэнкі?

— Такой пасады, вядома, не было — так Дзіму называлі негалосна. Неўзабаве пасля таго, як у 1994-м Лукашэнку абралі прэзідэнтам, на беларускім тэлебачанні сталі ствараць АТН — агенцтва тэлевізійных навінаў. Дзіму запрасілі туды працаваць. Ён дзесьці здымаў прэзідэнта, і Лукашэнка яго заўважыў. Прэзідэнт быў малады, і яму было важна, што Дзіма яго добра здымае.

Хутчэй за ўсё, Лукашэнка выказаў сваё пажаданне тэлевізійнаму начальству, і Дзіма стаў адзіным аператарам, якога сталі запрашаць у розныя паездкі з кіраўніком дзяржавы. Муж быў з Лукашэнкам на саміце ў Лісабоне і на адпачынку.

— Што Дзмітрый казаў пра працу з Лукашэнкам?

— Першы час Дзіму гэтая праца падабалася. Ён быў маладым чалавекам, яму былі цікавыя паездкі з такімі людзьмі.

Але ў канцы 1996 года я заўважыла, што з Дзімам адбываецца нешта незразумелае. Ён курыў і курыў, быў у нейкай дэпрэсіі.

Я спрабавала з ім паразмаўляць, але мне гэтага з першага разу зрабіць не ўдалося. А потым

ён сказаў, што не хоча там больш працаваць. Я спытала: чаму? Ён сказаў толькі адну фразу: «Я не хачу, каб людзі потым плявалі мне ў твар».

Ужо нашмат пазней, калі Дзіма змяніў працу, я ў яго пацікавілася, чаму ён так сказаў, што гэта азначае? Ён распавёў, што падчас апазыцыйных акцый 96-га, дзе яму даводзілася працаваць, людзі ледзь не нагамі збівалі тых, у каго бачылі ў руках камеры БТ.

Дзіма стаў цікавіцца палітычнымі падзеямі і зразумеў, што адбываецца…

Дзіма ведаў, што, калі будзе працаваць з Лукашэнкам, у яго будзе ўсё. Але ўнутраныя маральныя прынцыпы яму не давалі спакою, ён быў прыстойным чалавекам. Як раз у перыяд гэтых пакутаў Дзіму прапанавалі працу на ОРТ, і ён з АТН сышоў.

— Як Лукашэнка ўспрыняў яго сыход?

— Наколькі я ведаю, балюча. Журналісты расказвалі: калі ў 97-м у Менск прыехаў Кучма, два прэзідэнта выйшлі на інтэрвію да журналістаў. Паколькі Дзіма быў высокім, Лукашэнка яго заўважыў. Ён выйшаў наперад і памахаў Дзіму пальцам: на каго ты працуеш? Мы тады пасмяяліся: прэзідэнт на простага аператара пальчыкам махае.

Калі Шарамета і іншых пасадзілі за пераход мяжы, да Лукашэнкі на размову прыязджала кіраўніцтва ОРТ. Калі не памыляюся, у фільме «Дзікае паляванне» ёсць гэты эпізод:

калі гаварылі пра Паўла Шарамета, Лукашэнка быў спакойны, калі ж спыталі пра Дзіму, у яго загарэліся вочы і ён стаў гаварыць: як ён мог так паступіць, я яго за адзін стол з сабой пасадзіў.

Памятаю, калі Дзіма перайшоў на ОРТ, яго мама сказала: што ж ты нарабіў сынок, як ты мог ад яго сысці?!

— Як у канцы 1999 года Дзмітрый трапіў у Чачню?

— Чалавеку трэба было дзесьці працаваць. У Беларусі, пасля таго як у 97-м яго пазбавілі акрэдытацыі, ён працаваць не мог. Да камандзіроўкі ў Чачню Дзіма аб’ездзіў з Паўлам Шараметам ледзь не ўсю Расею.

— Чаму тады вы не пераехалі жыць у Расею?

— Паша Шарамет пераехаў у Маскву, але сям’ю яшчэ не перавозіў. А Дзіму выразнай прапановы пераехаць на той момант не паступала, жылля нам не прапаноўвалі.

Павел потым казаў: мы прабівалі гэтае рашэнне, але на ОРТ думалі, што, магчыма, у Беларусі ўсё ўладкуецца, вернуць акрэдытацыю, і моцна з пераводам Дзімы не спяшаліся. Хто ж ведаў, што такое здарыцца… Не паспелі.

У Чачніі Дзіма правёў з перапынкамі ледзь не год. Некалькі разоў прыязджаў на побыт дадому.

— Якім ён прыязджаў з Чачні?

— Стомленым. У гэты перыяд Дзіма змяніўся. Ён шмат чаго пабачыў, распавядаў шмат жудаснага.

Напэўна, у Дзімы ішло пераасэнсаванне свайго жыцця. Ён стаў больш уважлівым да родных, да мамы — калі развітваўся, абавязкова яе цалаваў.

— Колькі часу Дзмітрый знаходзіўся ў Беларусі перад сваім знікненнем?

— Ужо месяц. У гэты перыяд мы не сутыкаліся з якімі-небудзь пагрозамі, не заўважалі, каб за домам хтосьці назіраў.

Дзіўныя тэлефанаванні былі — але раней, па-мойму, яшчэ падчас прыезду Дзімы з камандзіроўкі ў сакавіку. Нейкі мужчына хацеў сустрэцца з Дзімам, але потым тэлефанаваць перастаў.

— Што вы запомнілі з таго дня — 7 ліпеня 2000 года?

— У 10.10 раніцы Дзіма выехаў з дому ў аэрапорт сустракаць Паўла Шарамета. Я засталася дома.

Праз некаторы час патэлефанаваў Дзмітрый Наважылаў з карпункту ОРТ і спытаў, дзе Дзіма? Я адказала: дык паехаў жа Паўла сустракаць. Дзмітрый зрабіў выгляд, што яны пра гэта забылі, і скончыў размову.

Увечары гадзін у шэсць у карпункт патэлефанавала ўжо я — даведацца, калі муж будзе дома, калі падаграваць вячэру. Мне адказалі, што Дзіма яшчэ на здымках. Яны не хацелі мяне дарма палохаць, спадзяваліся, што Дзіма яшчэ з’явіцца. Гадзін да 23-х я спакойна глядзела тэлевізар — муж часта затрымліваўся па працы.

А потым патэлефанаваў Павел Шарамет і сказаў: не хвалюйся, мы зараз прыедзем. Калі яны распавялі, што Дзіма знік, у мяне абарвалася сэрца.

Усю ноч ішоў дождж, і я плакала. Раптам пачула Дзімаў голас — ён клікаў мяне і сказаў, што яму вельмі холадна. Я паклікала маці, прыйшоў брат, я чамусьці пачала крычаць: яго ніколі не знойдуць!

— Што вы адчувалі ў наступны час?

— Кожны дзень я прачыналася і думала: сёння ён вернецца, сёння стане нешта вядома. Прачыналася з надзеяй, а ўвечары клалася ў роспачы.

Гэта жудасны стан безвыходнасці ў мяне доўжыўся 4 гады. Я бачыла Дзіму ў сне практычна кожную ноч, нібы жыла з ім. Распавядала яму, што ў гэты дзень адбывалася, што сын Юра зрабіў. Дзіма мне адказваў, нешіа раіў.

Усё скончылася летам 2004 года. Дзіма сказаў: я цябе адпускаю, у цябе будзе іншае жыццё. Я ўчапілася за яго, стала крычаць. Ён адштурхнуў мяне, і я прачнулася. З гэтага дня ён перастаў мне сніцца.

Патроху я стала адыходзіць. Не скажу, што боль сышоў, я ўсё роўна пра гэта разважаю. Але ў 2005 годзе з’явіўся Сяржук (былы сустаршыня «Маладога фронту» Сяржук Бахун), ён быў з асяроддзя, якое мяне разумела, яго прыняў мой сын, і я пагадзілася на шлюб.

— Вы прысутнічалі на судзе над групай Ігнатовіча. Якое сёння ваша меркаванне наконт гэтай справы?

— Я да гэтага часу

не веру, што Ігнатовіч вінаваты ў знікненні майго мужа. Дапускаю нават, што перад пасяджэннямі суда Ігнатовічу нешта калолі (аб гэтым казалі людзі з яго групоўкі). Хтосьці не хацеў, каб Ігнатовіч ці сказаў нешта пра заказчыка, ці даў паказанні, якія пацвердзілі б яго невінаватасць. Калі Ігнатовічу ўпершыню далі слова, ён пасля некалькіх фраз праваліўся ў сон.

Некалькі гадоў таму ў Ігнатовіча было спатканне з бацькамі: ён да гэтага часу клянецца, што Завадскага ў вочы не бачыў.

— Якія, на ваш погляд, былі сапраўдныя прычыны знікнення Дзмітрыя?

— Версій ёсць некалькі, але я 

схіляюся да таго, што прычынай выкрадання стаў фільм «Чачэнскі дзённік». Ён павінен быў выйсці на ОРТ 10 ліпеня 2000. Па тэлебачанні круцілі анонс гэтага фільма, з якога вынікала, што яго аўтарам з’яўляецца Шарамет.

Магчыма, наверсе спалохаліся. Супаставілі інтэрв’ю Дзімы «БДГ», дзе ён сказаў пра сувязі беларусаў з чачэнцамі, з тым, што Шарамет і Завадскі любяць адкрыць што-небудзь цікавае пра Лукашэнку і кіраўніцтва. Ёсць версія, што 7 ліпеня Дзіму ўзялі, каб даведацца пра змест фільма, даведацца ці будзе там нешта пра Беларусь, каб потым не пусціць праграму ў эфір.

Але Дзіма, седзячы ў Менску, праграму мантажаваць, вядома, не мог. Магчыма, яго катавалі, а калі ўбачылі, што не змогуць схаваць слядоў, забілі.

— Ці размаўляў з вамі хто-небудзь з кіраўніцтва краіны пасля выкрадання Дзмітрыя?

— Не. Ад Лукашэнкі я чула толькі цынічныя заявы. Слоў спачування я ад яго не дачакалася. Каб Лукашэнка паспачуваў жонкам і дзецям зніклых — такога не было…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?