Навукоўцы з Бостанскага універсітэта даказалі, што доўгажыхарства залежыць перадусім ад генаў. Яны вывучылі ДНК найстарэйшых людзей свету з розных кантынентаў.
Па выніках яны разлічваюць распрацаваць тэст, які дазволіць людзям даведацца, ці маюць яны перадумовы, каб дажыць да глыбокай старасці.
Даследчыкі вывучылі больш за 1000 чалавек, старэйшых за 100 гадоў. У выніку яны вылучылі набор са 150 унікальных генетычных маркёраў, якія звязаныя з доўгім жыццём.
Поўны набор генаў і іх дакладныя функцыі ў падаўжэнні жыцця пакуль невядомыя.

Навукоўцы даўно спрабавалі выявіць генетычны код асобаў, што захоўваюць здароўе да глыбокай старасці. У сярэднім людзі ў развітых краінах жывуць ад 80 да 85 гадоў, дзякуючы паляпшэнню харчавання і медыцынскага абслугоўвання. Але найстарэйшыя з найстарэйшых жывуць на два-тры дзесяцігоддзі даўжэй, часта ў выдатнай фізічнай кандыцыі.

Паводле Los Angeles Gerontology Group, самаму старому чалавеку на свеце цяпер 116 гадоў. Але быў зафіксаваны выпадак, калі чалавек дажыў да 122 гадоў.

Ніхто не ведае дакладнага рэцэпту здаровага даўгалецця. Але гены, якія дапамагаюць кіраваць клетачнымі рэакцыямі на голад, смагу і іншыя стрэсы арганізму, могуць адыграць ключавую ролю ў прадухіленні захворванняў і хранічных хваробаў старэння, сцвярджаюць навукоўцы. Напрыклад, змяненне коду гена, які носіць назву FOX03A, можа патроіць шанцы чалавека перасягнуць 100-гадовы ўзрост.

Бясплатны тэст будзе даступны праз агульнадаступны сайт праграмы New England Centenarian Study.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?