У Гомелі 11 ліпеня прайшла сустрэча дэмакратычных актывістаў са старшынёй руху «За Свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам, у якой удзельнічала прыкладна 100 чалавек.

Мілінкевіч і яго каманда прадставілі тэзісы да праграмы будучага магчымага кандыдата «Зробім Беларусь сапраўднай Еўропай!». Палітык падкрэсліў, што яго прыярытэты — свабодная, дэмакратычная Беларусь, справядлівыя выбары, выкананне правоў чалавека, паступальны рух Беларусі ў Еўропу.

Намеснік старшыні руху «За Свабоду» Віктар Карняенка адзначыў, што цяпер у ініцыятыўную групу Мілінкевіча запісана больш за тысячу актывістаў, але плануецца прыцягнуць у каманду для збору подпісаў 5–6 тысяч чалавек. Прысутным было прапанавана запісацца ў ініцыятыўную групу.

У сваім выступленні Мілінкевіч адзначыў, што сёння ў краіне склалася «якасна новая сітуацыя». «Ёсць сур’ёзныя пагрозы эканамічнаму суверэнітэту, але ёсць і сур’ёзныя шанцы на перамены. Сістэма дзяржаўнай улады пабудавана на страху, сіле, татальным кантролі, але ў сённяшніх умовах такая сістэма ўжо не спрацоўвае», — выказаў меркаванне палітык. Ён расказаў, што калі раней прадстаўнікі ўлады баяліся з ім сустракацца, то сёння яны самі шукаюць з ім сустрэчы і задаюць хвалюючыя пытанні. «Гэта сведчыць аб тым, што ў сістэме неспакойна», — лічыць лідэр руху.

Мілінкевіч выказаў меркаванне, што ў цяперашняй палітычнай сітуацыі на маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах Расія наўрад ці «дасць Лукашэнку капітальную падтрымку». «Думаю, на выбарах Расія паставіць на іншага чалавека, прозвішча якога я не ведаю», — заўважыў Мілінкевіч.

Гаворачы пра палітыку Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі, лідэр руху заявіў, што ЕС не зменіць стратэгію дыялогу з беларускімі ўладамі, але зменіць методыку і тактыку гэтага працэсу.

Для перамогі на выбарах неабходна ў першую чаргу «перамагчы ў думках людзей» — такую задачу паставіў Мілінкевіч для дэмакратычнага актыву на бліжэйшы час. «Дзве трэці насельніцтва выступаюць за перамены, але толькі чвэрць людзей — за нас. Таму мы павінны перамагчы тут, сярод людзей, каб яны нам давяралі», — лічыць Мілінкевіч.

Гаворачы пра выбар адзінага кандыдата, палітык выказаў меркаванне, што «адзіны — не мэта, а інструмент», і дадаў, што аб’яднанне магчымае, толькі калі аб’ядноўваюцца людзі з аднолькавымі ці падобнымі палітычнымі поглядамі. Мілінкевіч сумняваецца, што адзіны кандыдат будзе абраны.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?