11 ліпеня ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці Саюз палякаў у Беларусі правёў памінанне воінаў Арміі Краёвай, загінулых у ліпені 1944 года падчас аперацыі «Вострая Брама» па вызваленні Вільні ад нацыстаў.

У памінанні ўдзельнічалі прыкладна 100 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі Камітэта па справах ветэранаў урада Польшчы і Інстытута нацыянальнай памяці (Варшава. Былі таксама ветэраны Арміі Краёвай, якія жывуць у Беларусі, польскія дыпламаты і польскія актывісты з розных рэгіёнаў.

Як паведаміў старшыня галоўнай рады Саюза палякаў Андрэй Пачобут, у цырымоніі ўзялі ўдзел тры дэпутаты польскага сайма, з апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць». Прадстаўніку кіруючай партыі «Грамадзянская платформа» Роберту Тышкевічу, які таксама павінен быў узяць удзел у цырымоніі, адмовілі ва ўездзе ў Беларусь.

Праграма памінання ўключала імшу ў касцёле вёскі Солы, а таксама наведванне адзіночных пахаванняў польскіх салдат і афіцэраў на тэрыторыі Смаргонскага раёна.

Як адзначыў Пачобут, у рамках аперацыі «Вострая Брама» прадугледжвалася супраца Арміі Краёвай з Чырвонай Арміяй. «Аднак пасля таго, як у выніку сумесных дзеянняў Вільню вызвалілі ад акупантаў, часткі Арміі Краёвай былі аточаныя сіламі НКВД, раззброеныя, а польскія афіцэры накіраваныя ў лагеры ГУЛАГа».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?