Піша Ян Максімюк.

Пра бітву пад Грунвальдам я ўпершыню пачуў, мабыць, у чацьвёртай клясе пачатковай школы ў Гародчыне на Падляшшы, калі мне было 10 гадоў.

У тадышняй польскай хрэстаматыі для чацьвёртай клясы быў даволі вялікі фрагмэнт апісаньня бітвы пад Грунвальдам з раману Генрыка Сянкевіча «Крыжакі». Помніцца, гэтая «чытанка» зрабіла на мне настолькі моцнае ўражаньне, што я завучыў яе на памяць in extenso. І калі мы на ўроках польскай мовы дайшлі да гэтага тэксту, я прачытаў яго з памяці татальна агаломшанай настаўніцы і маім ня менш агаломшаным сябрукам-аднагодкам.

Заўвага першая: Крыжакі не былі нелюдзямі

Генрык Сянкевіч пісаў «Крыжакоў» у 1887—1900 гг., адначасна публікуючы гэты даўжэзны раман у часопісе «Tygodnik Ilustrowany» у Варшаве. Раман апісвае больш-менш10-гадовы пэрыяд гісторыі Польшчы, закончаны бітвай пад Грунвальдам. У 1900 годзе, калі раман выйшаў кніжкай, ён успрымаўся адназначна як пратэст супраць германізацыі палякаў, якая адбывалася на польскіх землях пад прускім панаваньнем. Сянкевіч напісаў кніжку, якая прыгадвае часіну трыюмфу палякаў над немцамі, для падмацаваньня польскага духу сярод суродзічаў — «ku pokrzepieniu serc», як традыцыйна пішацца ў падручніках гісторыі польскай літаратуры. У той час, калі пісаліся «Крыжакі», палякі ўжо больш чым стагодзьдзе былі пазбаўленыя ўласнай дзяржавы.

«Крыжакі» выйшлі з-пад пяра вельмі таленавітага апавядальніка, пазьнейшага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі, і кніжка чытаецца зь цікавасьцю нават сёньня, хоць яна і не шэдэўральная. Яе ролю ў нацыянальнай адукацыі палякаў — асабліва што тычыцца ўспрыманьня немцаў у польскім нацыянальным дыскурсе — цяжка пераацаніць. Хопіць толькі сказаць, што якраз «Крыжакі» былі першай кніжкай, выдадзенай у Польшчы ў 1945 годзе пасьля заканчэньня ІІ сусьветнай вайны.

Раман «Крыжакі» ў Польшчы ўспрымаецца перш за ўсё ў яго сымбалічна-патрыятычным, а не літаратурным вымярэньні. У 1960 годзе паводле раману рэжысэрам Аляксандрам Фордам быў пастаўлены мастацкі фільм, які таксама ўваходзіць у сьціслы канон рэкамэндаваных дзяржавай дапаможнікаў для агульнанацыянальнай гістарычнай адукацыі (пад сёлетнія ўгодкі Грунвальдзкай бітвы фільм быў пераведзены ў лічбавы фармат і ў колер).

Але калі глянуць на кніжку Сянкевіча халодным вокам (напрыклад, вокам 50-гадовага падляскага беларуса), дык яна падасца хутчэй за ўсё тэндэнцыйнай, чым мастацкай літаратурай.

Вобраз рыцараў Тэўтонскага ордэну і іхнай дзяржавы ў Сянкевіча карыкатурны і дэфармаваны — пісьменьнік тэндэнцыйна згусьціў фарбы, каб паказаць сярэднявечных «немцаў» як жорсткіх, вераломных, прагных крыві і новых захопаў нелюдзяў. З гістарычнай праўдай гэта мае няшмат агульнага.

Я не гісторык, а таму і ня буду тут рабіць ніякіх гістарычных выкладак, а скажу зусім аголена: крыжацкая дзяржава на землях прусаў і літоўцаў у часы Грунвальдзкай бітвы была хутчэй сьветачам эўрапейскай цывілізацыі і палітычнай арганізаванасьці, чым «сэрцам цемры», якім стараўся яе паказаць Сянкевіч ці польскія і савецкія гісторыкі камуністычнай эпохі, для якіх таксама спатрэбіўся міт «жорсткага і крывавага крыжака».

Заўвага другая: Пад Грунвальдам амаль не было крыжакоў

Я яшчэ раз паўтаруся — я круглы дылетант у гісторыі, а таму, калі я ўчора прачытаў сёе-тое пра Грунвальдзкую бітву, каб хоць збольшага мець уяўленьне, якую насамрэч гадавіну мы адзначаем 15 ліпеня 2010 году, дык апынуўся ў поўнай прастрацыі.

Паводле ацэнак гісторыкаў, на баку Тэўтонскага ордэну ваявала каля 20 тысяч ваяроў. Сярод іх — рыцараў-крыжакоў было ўсяго 250 (дзьвесьце пяцьдзесят штук, дзьве з паловай сотні!). Усе астатнія — гэта наёмныя аддзелы і рыцары з Заходняй Эўропы, якіх крыжакі змабілізавалі на бітву эўрапейскай цывілізацыі (увасобленай у Тэўтонскім ордэне) супраць усё яшчэ напаўцывілізаванай Польшчы (хоць і збольшага каталіцкай) ды паўдзікай ці проста дзікай і чортведама якой (каталіцкай? праваслаўнай? паганскай?) Літвы.

Гэты неаспрэчны факт наогул не падкрэсьліваецца беларускімі гісторыкамі, якія ва ўдзеле харугваў зь беларускіх земляў у бітве пад Грунвальдам бачаць ці не найважнейшы доказ далучанасьці нашай сінявокай Беларусі да эўрапейскай гісторыі і цывілізацыі ўжо на пачатку ХV стагодзьдзя. Маўляў, мы ратавалі гэтую цывілізацыю ад крыжацкай навалы. Ад чаго тады ратавалі Эўропу эўрапейскія рыцары, якія падтрымлівалі гэтую навалу?

Ды якую навалу? 250 рыцараў, хай нават абсалютна крывавых і зьверскіх — гэта навала? Не сьмяшыце.

Пад Грунвальдам Беларусь ваявала з «эўрапейскай навалай», калі можна так выказацца. (Я ведаю, што дылетанту можна так выказацца.) Пад Грунвальдам мы выступілі супраць Эўропы, і ад гэтага факту нам не ўцячы. Бо і па сёньняшні дзень мы пажынаем плады гэтай перамогі, так і ня могучы дагрукацца нават у пачакальную залю Эўропы.

Заўвага трэцяя: Крыжакі былі рыцарамі да канца

Крыжакі — гэта былі ня толькі ваяры, але і манахі.

Я тут хачу сказаць не пра забарону для манахаў гуляць на сене зь дзеўкамі пасьля бітваў, а пра адмысловы рыцарскі кодэкс Тэўтонскага ордэну. Гэты кодэкс забараняў братам у Хрысьце уцякаць з поля бітвы і здавацца ў палон. Выйсьцяў для тэўтонцаў было два — або перамога, або сьмерць. І амаль усе крыжакі, якія ўзялі ўдзел у бітве пад Грунвальдам, злучыліся на тым полі з Хрыстом. Паводле ацэнак дасьледнікаў, пад Грунвальдам загінула 218 рыцараў-манахаў з чорнымі крыжамі на белых плашчах. Тыя астатнія 32 рыцары, як трэба здагадвацца, усё-ткі трапілі ў палон, параненыя і занадта абясьсіленыя, каб змагацца да сьмерці або пазбавіць сябе жыцьця ад сораму за поўны разгром.

Эўрапейскім рыцарам было лягчэй. Яны, фактычна, мала чым рызыкавалі. Грошы за выкуп з палону былі адным з самых істотных пунктаў у хатніх бюджэтах сярэднявечных ваякаў, а таму рыцараў не забівалі, а наогул скідвалі з коней, вязалі і адводзілі ў абоз, пільнуючы, каб ім, чаго добрага, нічога благога не прыдарылася. У такіх бітвах як пад Грунвальдам гінула наогул наёмная галота і дваравыя, якіх рыцары забіралі з сабою ў паход. За такіх ваякаў ніхто ніякага выкупу не прапанаваў.

Пытаньне: А ці не магло быць іначай?

То бок, ці ня мог Вітаўт дамовіцца з Тэўтонскім ордэнам і пад Грунвальдам разам з усёй астатняй Эўропай разьбіць у пух і прах Ягайлу? І такім чынам пазбавіць сінявокую ад пазьнейшай ганьбы палянізацыі і страты свайго нацыянальнага аблічча, спачатку на карысьць ляхаў, а потым маскалёў?

Ці не магла Беларусь стаць Эўропай ужо ў 1410 годзе?

Сьмехам-жартам, але ж гэты Тэўтонскі ордэн, якому нібыта пераламалі хрыбет пад Грунвальдам, захаваў свае тэрытарыяльныя набыткі ажно да 1945 году, калі зь ім нарэшце расправіўся Сталін. А вось уся тая нібыта пераможная Польшча разам з ВКЛ ляснуліся на паўтара стагодзьдзя раней, а насамрэч, ня мелі ніякага значэньня ў Эўропе ўжо два з паловай стагодзьдзі да сталінскай перамогі на крыжакамі.

Калі б Вітаўт — якога, як здаецца, якраз крыжакі далучылі да сьвятла хрысьціянства, пахрысьціўшы яго ў каталіцкім абрадзе ў Мальбарку — разам з Ульрыхам фон Юнгінгенам зваяваў Ягайлу і зрабіў Польшчу васальнай дзяржавай, у якой прызначэньне караля патрабавала б згоды як Вільні, так і Мальбарку, дык ці не расквітнела б Беларусь ужо тады, не чакаючы Кастрычніцкай рэвалюцыі?

Гісторыя, безумоўна, ня ведае ўмоўнага ладу. Але я не гісторык, а таму дазваляю сабе ў гэтае вялікае сьвята беларускай зброі прыгадаць, што ў гэтай нібыта нашай перамогі былі вельмі кароткія ногі. Або ўвогуле іх не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?