У выніку рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Мінска ў сталіцы можа з’явіцца шэраг пешаходных зон, паведаміў галоўны інжынер КУП «Мінская спадчына» Міхаіл Жых на прэс-канферэнцыі 4 жніўня.

У прыватнасці, паводле яго слоў, стварэнне пешаходных зон прадугледжана на ўчастках вуліц Камсамольскай і Інтэрнацыянальнай. «Гэта работа запланавана на 2012 год, і мы спадзяёмся, што ў 2012 годзе мы яе выканаем», — сказаў Жых.

Ён таксама паведаміў, што вуліца Інтэрнацыянальная ў выніку рэканструкцыі значна зменіцца.

«Адзін з момантаў рэканструкцыі — прыстасаванне будынка па вуліцы Інтэрнацыянальная, 11 пад гасцінічны комплекс (цяпер там знаходзяцца офісныя памяшканні, у тым ліку рэстаран). Гэта абумоўлена тым, што ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя на тэрыторыі сённяшняй Інтэрнацыянальнай вуліцы знаходзілася развітая сетка гасцінічнага сервісу. Там было шмат прыватных маленькіх гатэляў. І цяпер ужо прынята рашэнне аб аднаўленні гэтай сеткі», — паведаміў галоўны інжынер.

Жых выказаў надзею на тое, што да канца 2011 года асноўныя пытанні па рэканструкцыі Інтэрнацыянальнай вуліцы будуць вырашаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?