Расійскі алігарх Міхаіл Хадаркоўскі названы другім па ўплывовасці ў свеце зняволеным.
Спіс, падрыхтаваны амерыканскім часопісам Foreign Policy, узначальвае адзін з найбагацейшых людзей Кітая Хуан Гуан’юй, 2 гады таму прысуджаны да 14 гадоў зняволення за подкуп і гандаль інсайдэрскай інфармацыяй.

Амерыканскі часопіс Foreign Policy (FP), які прысвяціў свой летні здвоены нумар «дрэнным хлопцам», звярнуў увагу не толькі на дыктатараў, што тэрарызуюць планету. Асобны артыкул прысвечаны пецярым самым уплывовым зняволеным сучаснасці.

Былы кіраўнік нафтавай кампаніі ЮКАС Міхаіл Хадаркоўскі аказаўся другім па ўплывовасці ў свеце зняволеным.

«Той факт, што самы важны расійскі палітычны дысідэнт адначасова з’яўляецца зняволеным нафтавым алігархам, можа сказаць больш пра тое, у якім становішчы знаходзіцца палітыка ў гэтай краіне, чым пра самога Хадаркоўскага», — адзначае выданне.

Называючы Хадаркоўскага «самым паслядоўным і рэзкім крытыкам прэм’ера Уладзіміра Пуціна ў сябе дома», FP не сумняецца, што

рэальнай прычынай арышту алігарха ў 2003 быў страх тады яшчэ прэзідэнта Пуціна перад палітычнымі амбіцыямі магната.
З роляй дысідэнта Хадаркоўскі ўпэўнена спраўляецца, прыходзіць да высновы выданне.

Нават арыштаваны і прысуджаны да пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Хадаркоўскі «выкарыстоўваў любую магчымасць, каб рабіць нападкі на цяперашніх гаспадароў Крамля». Для трэцяга расійскага прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева, які «разважаў над тым, як рэтрансляваць (на Захад) карцінку спрыяльных для бізнэсу рэформаў», Хадаркоўскі з’яўляецца крыніцай «пастаяннай збянтэжаннасці».

Хадаркоўскі ідзе ў спісе «самых уплывовых зэкаў» другім пасля аднаго з самых багатых людзей Кітая Хуан Гуан’юя, прысуджанага ў 2008 да 14-гадовага зняволення.

41-гадовы магнат, які пачаў сваю кар’еру з гандлю радыёпрымачамі і скончыў кіраўніком адной з найбуйнейшых кітайскіх карпарацый Gome, быў прызнаны вінаватым ў даванні хабару і гандлі інсайдэрскай інфармацыяй.

Фармальна сышоўшы з пасады ў Gome, Хуан Гуан’юй працягвае кіраваць кампаніяй з-за кратаў, абараняючы яе ад паглынання амерыканскай інвестыцыйнай фірмай Bain Capital. У адрозненне ад Хадаркоўскага, ніякіх палітычных прэтэнзій Хуан Гуан’юй не агучваў.

Трэцяе і чацвертае месцы займаюць лідэры сусветнага ісламскага фундаменталізму Амар Абдэль-Рахман і Марван Баргуці.

Калі першы адбывае пажыццёвае пакаранне ў ЗША, дзе ён прызнаны вінаватым у арганізацыі першага, няўдалага тэракту супраць нью-ёркскіхвежаў-блізнят у 1993, то ў другога пяць пажыццёвых тэрмінаў ад ізраільскага правасуддзя за забойства пяці чалавек.

Пяцёрку замыкае лідэр м’янманскай апазіцыі Аўн Сан Су Чжы, што 20 гадоў знаходзіцца пад хатнім арыштам.
Дачка вызваліцеля М’янмы (тады Бірмы) ад японскага і ангельскага валадарства Аўн Сана ў 1990 выйграла выбары і адразу ж была арыштаваная ваеннай хунтай генерала Тана Шве. Пра апошняга, «бессардэчнага ваеннага дыктатара, чый адзіны ўсёпаглынальны занятак — улада», Foreign Policy таксама піша ў раздзеле пра тыранаў сучаснасці. Паперадзе Тана Шве — толькі паўночнакарэйскі правадыр Кім Чэн Ір і нязменны зімбабвійскі прэзідэнт Роберт Мугабе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?