Афіцыйная версія прычыны трагедыі — выбух вучэбнай тарпеды. Неафіцыйныя — сутыкненне з іншай падлодкай і тарпедная атака.

 Атамная падводная лодка К-141 «Курск».

Атамная падводная лодка К-141 «Курск».

12 жніўня 2000 г. у Баранцавым моры ў часе ваенна-марскіх вучэнняў расійскага флоту затанула атамная падводная лодка К-141 «Курск». Трагедыя забрала жыцці 118 чалавек. Афіцыйная версія прычынаў гібелі субмарыны: выбух вучэбнай тарпеды у тарпедным адсеку. Гэта была тарпеда на перакісе вадароду. Падобны тып тарпедаў на той момант ужо мала кім выкарыстоўваўся з меркаванняў бяспекі. Неафіцыйныя версіі, некаторыя з якіх пазней увасобіліся ў сцэнарах дакументальных фільмаў і п’есаў, гаварылі пра сутыкненне з іншай, магчыма замежнай субмарынай, а таксама пра тарпедную атаку на «Курск». У прыватнасці вядома, што за вучэннямі ў Баранцавым моры сачылі ваенна-марскія сілы ЗША.

Нягледзячы на тое, што Вялікабрытанія і ЗША прапанавалі сваю дапамогу ў панядзелак, 14 жніўня, Ваенна-марскі флот Расіі заявіў пра самастойнае правядзенне выратавальнай аперацыі. На той момант дакладна было вядома, што на борце субмарыны заставаліся ацалелыя ў катастрофе маракі. Прапанова замежнікаў была прынятая толькі ў сераду 16-га, калі стала зразумела, што на падлодцы найхутчэй не засталося жывых людзей. Нарвежскія і брытанскія ратавальнікі прыступілі да працы 20 жніўня. У верасні 2000 г. у інтэрв’ю Лары Кінгу прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін патлумачыў затрымку з прыняццем замежнай дапамогі тым, што Расія нібыта мела для выратавальнай аперацыі ўсё неабходнае. А ягоны адказ на пытанне, што ўсё ж здарылася з падлодкай «Курск», уразіў сваім цынізмам увесь свет.

Пуцін адказаў двума словамі: «Яна патанула».

Хроніка падзеяў

Субота, 12 жніўня

У 23:30 па мясцовым часе падводная лодка К-141 «Курск» не выходзіць на сеанс сувязі.

Нядзеля, 13 жніўня

3:21. Эхалот крэйсера «Пётр Вялікі» знаходзіць месца затаплення субмарыны на глыбіні 108 м. Першыя спробы выратавання падлодкі былі зробленыя а 10-й раніцы.

Панядзелак, 14 жніўня

11:00 Камандаванне Ваенна-марскога флоту Расіі. У панядзелак з’яўляюцца супярэчлівыя заявы расійскага боку. Паведамляецца, што падлодка затанула ў нядзелю, што на ёй няма атамнай зброі. З’яўляецца першыя версіі прычынаў здарэння: сутыкненне з іншай субмарынай і выбух на борце падлодкі. Апошняй версіі прытрымліваюцца расійскія ваенныя.

Сваю дапамогу ў правядзенні выратавальнай аперацыі прапануюць Вялікабрытанія і ЗША.

Аўторак, 15 жніўня

Неспрыяльныя ўмовы перашкаджаюць выратавальнікам. ВМФ Расіі адмаўляецца ад замежнай дапамогі.

Серада, 16 жніўня

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін называе сітуацыю ў Баранцавым моры крытычнай. Гучыць заява, што прыкметаў жыцця на падлодцы больш не адзначаецца. Увечары Расія прымае прапанову Англіі і Нарвегіі аб дапамозе.

Чацвер, 17 жніўня

Няўдалыя спробы выратавальнікаў, абумоўленыя дрэнным надвор’ем. Перамовы расійскіх ваенных у Бруселі з прадстаўнікамі НАТО.

Пятніца, 18 жніўня

Выратавальная аперацыя працягваецца, сітуацыя характарызуецца, як звышкрытычная.

Субота, 19 жніўня

Ваенныя заяўляюць, што экіпаж падлодкі загінуў. Аперацыя працягваецца.

Нядзеля, 20 жніўня

Да аперацыі далучыліся нарвежскія і брытанскія вадалазы. Робяцца спробы адчыніць люк выратавальнага шлюза.

Панядзелак, 21 жніўня

13:47 па маскоўскім часе. Нарвежцы здолелі адчыніць люк.

17:07. Афіцыйная заява пра гібель экіпажа атамная падводная лодка К-141 «Курск».

З 118 членаў экіпажу былі знойдзеныя 115 чалавек.

***

Атамная падводная лодка К-141 «Курск» (па класіфікацыі НАТО — «Oscar-II»). Спушчаная на ваду ў маі 1994 г., 30 снежня таго ж года прынятая ў эксплуатацыю. Экіпаж — 130 чалавек, аўтаномнасць плавання — 120 дзён, максімальная глыбіня пагружэння — 0,5 км. Даўжыня корпуса — 154 м, шырыня — 18,2 м. Узбраенне — супрацькарабельны ракетны комплекс П-700 «Граніт», тарпеды. У 2001 г. было афіцыйна заяўлена, што на момант катастрофы на К-141 ядзернай зброі не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?