Камітэт дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці праверыў рэалізацыю праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005–2010 гады па фарміраванні аграгарадкоў у чатырох раёнах — Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Мазырскім і Рагачоўскім.

Матэрыялы праверкі сведчаць аб «недастатковых мерах, што прымаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы пры распрацоўцы схем размяшчэння аграгарадкоў і вызначэння ў іх аб’ектаў неабходнай інфраструктуры». У прыватнасці, мелі месца факты «распылення» сродкаў, выяўлення незавершаных аб’ектаў, замены капітальнага рамонту бягучым, пераносу будаўніцтва на няпэўны час і інш.

Акрамя таго, у Гомельскай вобласці штогод дапускалася прыёмка аграгарадкоў з недабудаванымі аб’ектамі. Напрыклад, у Губічах Буда-Кашалёўскага раёна першапачаткова зацверджаны рашэннем аблвыканкама пашпарт на будаўніцтва 21 аб’екта быў зменены — паменшаны да 11 аб’ектаў.

З 64 аб’ектаў інфраструктуры чатырох аграгарадкоў Буда-Кашалёўскага раёна толькі 29 уведзены своечасова, 7 аб’ектаў уведзены пасля прыёмкі аграгарадкоў, а на 21 аб’екце будаўнічыя работы не завершаны ў вызначаны тэрмін. Выяўлена таксама неэфектыўнае выкарыстанне 210 млн. рублёў з бюджэту.

Факты прыёмкі аграгарадкоў з незавершанымі аб’ектамі, неэфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, завышэнне цэн будаўніча-мантажных работ выяўлены таксама ў Мазырскім, Гомельскім і Рагачоўскім раёнах.

Ва ўсіх правераных аграгарадках райвыканкамы не забяспечылі стварэнне структур па абслугоўванні асабістых падсобных гаспадарак. У чатырох населеных пунктах не выконваецца сацыяльны стандарт па наяўнасці грамадскіх лазняў.

Матэрыялы праверкі накіраваны для рэагавання ў Гомельскі аблвыканкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?