«Рэпарцёры без межаў» шкадуюць, што ціск на беларускую прэсу з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў узмацняецца. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве, якую арганізацыя распаўсюдзіла 17 жніўня.

Гаворка ідзе найперш пра папярэджанні, падаткавыя праверкі і міліцэйскія рэйды, якія, на думку «Рэпарцёраў», сведчаць пра тое, што свабода прэсы ў Беларусі апынулася ў небяспецы.

«Пасля атрымання шэрагу папярэджанняў ад Міністэрства інфармацыі дзве вядучыя апазіцыйныя газеты — „Народная воля“ і „Наша Ніва“ — могуць быць закрытыя паводле арт. 51 закона „Аб СМІ“, які дазваляе ўладам ініцыяваць закрыццё нават пасля двух папярэджанняў», — падкрэсліваюць «Рэпарцёры» і нагадваюць, што на рахунку абедзьвюх газет ужо налічваецца па тры такіх санкцыі.

Арганізацыя цытуе галоўнага рэдактара «НН» Андрэя Скурко, які расцэньвае гэтыя папярэджанні, як і пазапланавую падатковую праверку рэдакцыі, як спробу запалохаць журналістаў.

«Рэпарцёры» прыгадваюць таксама міліцэйскія «візіты» ў рэдакцыю «Народнай волі» зімой і вясной г.г., калі ў журналістаў выдання забралі камп’ютэры, а пасля шмат разоў дапытвалі ў межах расследавання справы аб паклёпе на чыноўніка спецслужб.

«Пасля трохгадовага выключэння з беларускіх сістэм распаўсюду, якія цалкам кантралююцца дзяржавай, „Народная воля“ і „Наша Ніва“ зноў пачалі распаўсюджваць з 2008 года ў выніку дамоўленасцяў паміж Беларуссю і Еўразвязам. „Рэпарцёры без межаў“ апасаюцца, што ўсе тыя трывожныя сігналы, што зараз паступаюць на адрас выданняў, пракладаюць шлях для новых урадавых забаронаў напярэдадні кампаніі па выбарах прэзідэнта», — гаворыцца ў заяве.

Арганізацыя занепакоеная і іншымі праблемамі, з якімі даводзіцца сутыкацца беларускім журналістам — гэта і забарона на супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, і фактычнае прызнанне незаконнай дзейнасці фрылансераў. («Рэпарцёры» прыгадваюць тут нядаўняе папярэджанне гомельскай журналістцы Таццяне Бублікавай).

Трывогу «Рэпарцёраў без межаў» выклікае і ціск на журналістаў з боку міліцыі —

напрыклад, стварэнне перашкод у працы карэспандэнтаў «Еўрарадыё», «Нашай Нівы», Радыё «Свабода», якія асвятлялі вулічную акцыю актывістаў кампаніі «Гавары праўду!» 12 жніўня.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?