Тое здарылася позна ўвечары 19 жніўня ў адной баранавіцкай кавярні.
Там праходзіла святочная вячэра з нагоды шлюбу 33-гадовага месціча.
Вяселле, як і трэба, спявала, скакала і біла посуд. Аднак калі жанчына-бармэн папрасіла жаніха заплаціць за пабітыя шклянкі, той павёў сябе неадэкватна: спачатку выбег з кавярні, а, вярнуўшыся, накінуўся на работніцу ўстановы з нажом, — распавялі ў аддзеле крымінальнага вышуку Баранавіцкага ГАУС.
Мужчына парэзаў жанчыне твар, галаву, плячо і калені. Наведвальнікі, каб супакоіць кавалера, ляснулі па галаве бутэлькай. Іначай усё магло б скончыцца трагічна.
Мужчыну затрымалі. Як высветлілася, ён стаіць на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу па артыкуле «замах на забойства».