Напярэдадні новага навучальнага сэзону — традыцыйны ажыятаж на кватэрным рынку.

Далёка ня ўсіх студэнтаў ВНУ забясьпечваюць інтэрнатам, таму многія вымушаныя здымаць кватэры ці пакоі. Але, як сьведчыць статыстыка, толькі блізу паўсотні тысяч уласьнікаў у Беларусі плацяць падаткі з прыбытку за здадзеныя квадратныя мэтры. Наколькі рызыкоўна здаваць кватэру ў арэнду без аформленай дамовы?

Паводле галоўнага статыстычнага ўпраўленьня Менску, больш за 20 тысяч чалавек маюць у прыватнай уласнасьці па дзьве кватэры.
Трыма кватэрамі валодаюць крыху больш за паўтысячы менчукоў, чатырма і болей — тры дзесяткі. Паказальна, што колькасьць «шматкватэрных» за апошнія пяць гадоў павялічылася амаль напалову. Колькасьць тых, хто здае кватэры афіцыйна, складае 28 тысяч. Гарадзкі бюджэт дзякуючы сумленным ўласьнікам за першае паўгодзьдзе разбагацеў на 6,5 мільярды рублёў. Колькі народу займаецца такім бізнэсам падпольна — дакладна ня ведае нават міліцыя. У Менгарвыканкаме лічаць, што па шэрых схемах здаецца кожная другая кватэра. У гэтай сувязі актывізаваліся падаткавікі: летась, у выніку праверкі звыш за 400 ўласьнікаў, штрафы за прыхаваныя прыбыткі перавысілі 124 мільёны рублёў.

Анатоль Віткоўскі даўно працуе ў Менску, але ўласнай кватэрай так і не разжыўся. Некалькі апошніх гадоў аплачвае ня толькі здымнае жыльлё, але, па дамове з гаспадаром, і падаходны падатак. Расказвае, што сума адлічэньняў вагаецца ў залежнасьці ад многіх фактараў: да ўласна арэнды зімой яшчэ 200 тысяч атрымліваецца зьверху…

«Усё залежыць ад раёну, дзе ты здымаеш, ад месцазнаходжаньня кватэры. Бярэцца на ўвагу сам дом — хрушчоўка гэта ці панэльны будынак, побач з мэтро ці на аддаленасьці.
Кошт у асноўным вагаецца ад 1 да 2 базавых велічынь штомесяц. Я плачу паўтары — крыху больш за 52 тысячы рублёў. Памер залежыць у першую чаргу ад месца знаходжаньня дому і кватэры. Але меней за 1 базавую велічыню няма. У мяне ёсьць афіцыйная дамова, яна падпісаная. У свой час яны была заключаная на год і аўтаматычна падаўжаецца. То бок, атрымліваецца, што плачу дзесьці 60 тысяч рублёў за камуналку летам і 120 тысяч зімой, бо лічыльнікі не стаяць, плюс 52 тысячы падатку, тэлефон. Карацей, да ўласна арэнды зімой яшчэ 200 тысяч атрымліваецца зьверху».

Самыя дарагія з гледзішча падаткаў — кватэры ў цэнтры Менску. Так, за здачу ўнаём двухпакаёўкі ўздоўж праспэкту Незалежнасьці падаходны падатак складае 4 базавыя велічыні штомесяц — 140 тысяч рублёў. Для параўнаньня, сплата за аналягічнае жыльлё ў спальных раёнах цягне напалову меней — 2 базавыя велічыні ці 70 тысяч рублёў.

Гарадзкія ўлады рапартуюць, што, як ні дзіўна, самымі ўзорнымі плацельнікамі зьяўляюцца якраз уладальнікі элітнага жыльля ў прэстыжных раёнах. Кватэры бізнэс-клясы з коштам арэнды ад 500 даляраў на месяц арыентаваныя перадусім для здачы замежнікам ці пасутачна, якія пастаянна мільгацяць на старонках рэклямных газэт. Адсюль высокая верагоднасьць, што фіскальныя органы ўрэшце выявяць цікавасьць да гаспадароў, якія атрымліваюць звышпрыбыткі. Але што да стандартных панэльных будынкаў, то куды больш сьціплыя арэндныя грошы застаюцца няўлічанымі. Натуральна, што ёсьць розьніца — заплаціць 4 базавыя велічыні, але атрымаць 500 даляраў прыбытку, і разьвітацца з 2 базавымі, маючы за пакой 50–70 даляраў. Да таго ж, як кажуць самі арэндадаўцы, крызіс істотна падкасіў бізнэс, вымушаючы зьніжаць кошты:

Па лініі мэтро ў панэльным доме можна зьняць за 200 даляраў на месяц…

«Упалі кошты, прычым заўважна. Па лініі мэтро ў панэльным доме можна зьняць за 200 даляраў на месяц, хоць яшчэ летась было 300.
Думаю, што зараз кватэру дзе-небудзь у Заводзкім раёне можна за 150 даляраў зьняць, а можа нават і за 100. Усё залежыць ад таго, будзе гэта клапоўнік ці больш-менш нармальнае месца. А калі кілямэтар да бліжэйшага аўтобуснага прыпынку, а там яшчэ паўгадзіны ехаць да мэтро, то, магчыма, і на сотню даляраў можна дамаўляцца».
Аднак спэцыялісты лічаць, што нават цяперашнія кошты на нерухомасьць у Беларусі, асабліва ў сталіцы, завышаныя.
Кватэры ў Менску даражэйшыя, чым нават у некаторых краінах Эўразьвязу. Бізнэсовец Юрый Данькоў лічыць, што шанец нажыцца на дэфіцыце жыльля не ўпускае ніводная структура, далучаная да працэсу ўзьвядзеньня дамоў:

«Ну як гэта можна было дапусьціць, каб так каштавала жыльлё? Нават я са сваім прыбыткам ня маю магчымасьці пабудаваць кватэру па такім кошце. Я гляджу з боку і не разумею: адкуль бярэцца такі кошт? Адкуль такія разьлікі? А гэта, аказваецца, на чым надзімаецца? Праекціроўшчыкі кошты ўвальваюць, мэрыі гарадоў, ці як у нашым выпадку Менгарвыканкам, накручваюць грошы на зямлю. Як зямля можа каштаваць такія грошы, што гэта за цана, чым яна абумоўленая? Туды што, праклалі новыя камунікацыі, туды што, правялі мэтро? Ды не, проста хтосьці прыйшоў і сказаў: ага, гэта каштавала даляр, няхай зараз будзе каштаваць тысячу даляраў. Вось і ўся арытмэтыка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?