Найбольш зухаватыя прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва зараз усклікнуць, падкручваючы гусарскі вус і трапаючы па карку гарачага каня: «Ды ніколі!»

Добра-добра, нашы слаўныя гусары, паставім пытанне па-іншаму. Калі муж перастае думаць пра сэкс з жонкай?
Пасля цяжарнасці? Пасля родаў? Калі з’яўляецца каханка? Калі жонка надзявае славутыя халат і тапкі? І чаму гэта адбываецца — муж не хоча займацца сэксам з жонкай?..

Па-першае, сцвярджаюць спецыялісты, у мужчын, як і ў жанчын, можа быць розная полавая канстытуцыя.

У кагосьці яна моцная, і тады сэксуальныя кантакты патрэбныя мужу некалькі разоў на дзень.

У кагосьці — сярэдняя, то бок нармальная; такі партнёр будзе задаволены стандартнымі трыма кантактамі на тыдзень.

А у кагосьці — слабая. Такія мужчыны перастаюць думаць пра сэкс, як толькі спадае хваля шалёнай жарсці і маладой закаханасці.

Дзеля Мэрылін Манро, вядома, яны б напружыліся, але ж жонка — яна тут, побач, заўсёды, калі захочаш, навошта напружвацца?

Усё б нічога, шлюбны сэкс — гэта не такое ўжо і неабходнае штодня мерапрыемства, ды вось толькі жонка такога мужчыны думае, што ён яе больш не кахае або завёў каханку.

Выйсце? Спакойна пагаварыць.

Па-другое, адзначаюць псіхолагі, жанатыя мужчыны перастаюць думаць пра сэкс тады, калі па-сапраўднаму сур’ёзна думаюць пра працу.

Цяпер праца — не проста спосаб самарэалізавацца, нешта камусьці давесці, стаць найлепшым. Цяпер праца — гэта адказнасць за іншых. І думаць пра яе больш складана.

У мужчын жа таксама баліць галава, яны таксама стамляюцца — насамрэч.

І не было б праблем — ды вось толькі жонкі такіх мужчынаў, хай і задаволеныя матэрыяльна, маральна вельмі нават пакутуюць — і думаюць, што муж яе больш не кахае або завёў каханку.

Выйсце? Часцей думаць пра свайго мужчыну, ведаць яго клопат, удзельнічаць у яго жыцці. Адным словам, спакойна размаўляць.

Па-трэцяе, разважаюць псіхатэрапеўты, у многіх жанчын, асабліва маладых мамаў, патрэба ў бурным сэксе, «як да вяселля», робіцца свайго кшталту пункцікам: ці прывабная я па-ранейшаму? А ці будзе ў нас гэтак жа выдатна, як раней?

Калі сэкс робіцца пункцікам, мужчына трапляе ў заганнае кола «шлюбнага абавязку».

Ён разумее: ён цяпер павінен, абавязаны. Хто з нас любіць рабіць тое, што абавязаны?

Правільна, ніхто. Але пакуль пункцік у жанчыны не зняты, яна будзе патрабаваць, абвінавачваць, фантазіяваць, даводзіць прычэпкамі: а раптам больш не кахае? Ці каханку завёў.

Выйсце адно: адпусціць сваё жаданне. Перастаць пра яго думаць.
Проста жыць: разам гуляць, глядзець тэлевізар, хадзіць у кіно, размаўляць, урэшце. І муж рана ці позна ізноў задумаецца пра сэкс.

Так што не такое ўжо гэта вялікае гора, калі мужчына раптам перастае думаць пра сэкс.

Урэшце, праўда тое, што ў сямейнага жыцця ёсць мноства рэчаў, пра якія трэба думаць мужчыну. А сэкс — ён нікуды не падзенецца. І абавязкова будзе. Нават калі пра яго асабліва не думаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?