Сакратарыят рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» запатрабаваў ад уладаў прыняць закон аб абароне і дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.
Пра гэта гаворыцца ў заяве «Родная мова не павінна стаць для беларусаў замежнай», прынятай 31 жніўня ў Мінску на паседжанні сакратарыята ТБМ.

У заяве адзначаецца, што 1 верасня набывае моц закон «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», адначасова ў школе павялічваецца колькасць гадзін на навучанне замежнай мовы.

«Здаецца, тое ж трэба зрабіць і з беларускай мовай, дадаць колькасць гадзін, вярнуць выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі ва ўсіх школах на роднай мове, а таксама экзамен па беларускай літаратуры. Але Міністэрства адукацыі пра беларускую мову дбаць не збіраецца, і таму колькасць вучняў, якія навучаюцца па-беларуску, скарацілася да 18%», — гаворыцца ў заяве. Яе аўтары падкрэсліваюць, што «зараз у першы клас ідуць дзеці, якія дома ніколі не чулі беларускай мовы, бо іхнія бацькі і дзяды, што жывуць у вялікіх і малых гарадах, згубілі повязь з родным беларускамоўным асяродкам, гавораць дома ў асноўным на «трасянцы».

Сакратарыят ТБМ патрабаваў ад уладаў «распрацаваць і ў бліжэйшы час прыняць закон аб абароне і дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, як гэта зроблена ў многіх краінах, што дбаюць пра захаванне і развіццё культуры свайго народу».

У інтэрв’ю БелаПАН старшыня ТБМ Алег Трусаў выказаў занепакоенасць тым, што прыняўшы закон, улада нічога не зрабіла для пашырэння беларускай мовы ў сферы адукацыі. «Наадварот, у школах у гэтым годзе ў параўнанні з мінулым на 1% стала меней вучняў, якія навучаюцца па-беларуску», — падкрэсліў Трусаў. Паводле яго слоў, у сітуацыі, калі на вывучэнне замежных моў выдзелены дадатковыя гадзіны, гэта не зроблена ў дачыненні да беларускай мовы. Акрамя таго, не выдзелена ніякіх сродкаў для папулярызацыі беларускай мовы, сказаў старшыня ТБМ.

На яго думку, «каму патрэбен новы закон, калі на беларускай мове няма каму пісаць».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?