Францыя не давала палітычнага прытулку. Але адкуль гэтыя людзі?

Беларуская сям’я, якой пагражае дэпартацыя з Францыі, выйграла ў Страсбургу іск супраць французскіх уладаў.

Як паведаміла 2 верасня прэс-служба Еўрапейскага суда па правах чалавека ў Страсбургу, суддзі перасцераглі Францыю ад дэпартацыі беларускай сям’і, апасаючыся дрэннага абыходжання з ёй на радзіме. У паведамленні адзначаецца, што беларусы (названы толькі ініцыялы Y.P. і L.P.) 1966 і 1967 года нараджэння з двума дзецьмі ў лютым 2005 года былі вымушаны эмігрыраваць з Магілёва ў Страсбург, дзе папрасілі палітычнага прытулку.

Паведамляецца, што Y.P., член Партыі БНФ, у розны час, пачынаючы з 1999 года, а пазней і яго сын затрымліваліся і збіваліся супрацоўнікамі правапарадку за ўдзел у дэманстрацыях і іншую апазіцыйную дзейнасць.

У 2002 годзе, паводле слоў істца, яго збілі пасля таго, як ён узначаліў магілёўскую арганізацыю Партыі БНФ. З 2002 года Y.P. беспаспяхова прасіў палітычнага прытулку ў Германіі і Нарвегіі.

У 2005 годзе сям’я прыехала ў Страсбург і папрасіла палітычнага прытулку. Французскія ўлады абгрунтавалі адмову недастатковасцю доказаў, што сям’я зведвала пераслед па палітычных матывах.

Затым Y.P. і L.P., якія нелегальна жылі ў Францыі і нарадзілі трэцяе дзіця, звярнуліся з просьбай даць палітычны прытулак да ўрадаў Даніі, Нарвегіі і Швецыі, аднак ім было адмоўлена і іх выслалі ў Францыю.

У чэрвені 2008 года беларускія грамадзяне падалі прашэнне ў Страсбургскі суд, каб апратэставаць рашэнне аб дэпартацыі, паколькі на радзіме ім быццам бы пагражае небяспека. Суд задаволіў іск.

У паведамленні ўказана, што ісцец вёў «актыўную апазіцыйную дзейнасць», а запыт на прадастаўленне палітычнага прытулку можа расцэньвацца ў Беларусі як «дыскрэдытацыя», за што прадугледжана турэмнае зняволенне.

«У цяперашніх умовах адпраўка істцоў у Беларусь стала б парушэннем артыкула 3 (забарона катаванняў і абыходжання, якое з’яўляецца бесчалавечным і зневажае годнасць)», — гаворыцца ў дакуменце.

Тым часам пакуль не атрымалася ўдакладніць асобу магілёўскага актывіста Партыі БНФ.

Намеснік старшыні партыі Рыгор Костусеў паведаміў, што ў 2002 годзе ён быў абраны кіраўніком магілёўскай арганізацыі партыі. Ён таксама не змог сказаць, хто можа стаяць за ініцыяламі Y. P. Рашэнне Еўрапейскага суда па правах чалавека набудзе моц, калі бакі на працягу трох месяцаў не звернуцца з просьбай перадаць справу ў Вялікую палату суда, якая, у сваю чаргу, можа адхіліць зварот.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?