100 тысяч подпісаў зможа сабраць адзін ці ў лепшым выпадку два супернікі Лукашэнкі. І той адзін заявіў пра ўдзел у выбарах з Масквы.

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў заявіў пра свой намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Гэтую заяву ён зрабіў у Маскве, у эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы».

«Так што калі выбары будуць абвешчаныя сёння, мы гатовыя да таго, каб гэтыя 100 тысяч подпісаў сабраць. Мы збяром больш. Мільён мы збіраць, канечне, ня будзем, гэта насамрэч непатрэбна. Але неабходны запас, каб выключыць усялякія выпадковасці мы зробім», — кажа Някляеў.

Сапраўды, на сённяшні дзень выглядае на тое, што ва Уладзіміра Някляева якраз і ёсць самыя вялікія шанцы сабраць неабходную колькасць подпісаў для рэгістрацыі.

Удзельнік прэзідэнцкіх выбараў 2006 году Аляксандр Мілінкевіч, хутчэй за ўсё, у выбарах удзельнічаць не будзе. Адпаведная заява палітыка чакаецца цягам бліжэйшых тыдняў.

Выглядае на тое, што частку людскога актыву Мілінкевіча перацягне да сябе малады Алесь Міхалевіч. Ён мае цвёрды намер пачынаць збор подпісаў, але ці назбірае, гэта ўжо іншае пытанне.

Магчыма, рызыкнуць акунуцца ў прэзідэнцкую кампаніі і ў Партыі БНФ. Не факт, што каманда Рыгора Кастусёва зможа сабраць неабходную колькасць подпісаў, але добра пашумець можа.

Што датычыць кандыдата ад АГП Яраслава Раманчука, то найбольш імаверным выглядае варыянт зняцця ягонай кандыдатуры на карысць Уладзіміра Някляева. Не вядома толькі, калі гэта адбудзецца: яшчэ да пачатку збору подпісаў, ці ўжо пасля.
Шараговыя актывісты АГП склалаі базу для «Гавары праўду».

Яшчэ не ясная да канца перспектыва кандыдата ад БХД Віталя Рымашэўскага. На сходзе актыву лідэры хадэкаў намякалі, што не маюць дастатковай колькасці для паўнавартаснай кампаніі. Напэўна, канчатковае рашэнне будзе прынятае на з’ездзе партыі. Ці адважацца хрысціянскія дэмакраты ўцягнуцца ў кампанію? Вылучыць кандыдата і не сабраць подпісаў — дыскрэдытацыя для палітычнай сілы.

Што датычыць Андрэя Саннікава, то тут яснасці яшчэ меней. Ходзяць чуткі, што бліжэйшым часам ён следам за Мілінкевічам таксама адмовіцца ад удзелу. Нягледзячы на ўласную актыўнасць у медыях і ясную, чытэльную праграму Саннікаў, падобна, так і не змог заручыцца значнай чалавечай і фінансавай падтрымкаю.

Генерал Валеры Фралоў у апошніх інтэрв’ю таксама намякаў на сыход з дыстанцыі.

Такім чынам, выглядае на тое, што неабходныя 100 тысяч подпісаў зможа назбіраць толькі адзін, пры ўдалым збегу абставінаў два, кандыдаты. Яшчэ некалькі будзе збіраць подпісы. А значная частка дыскваліфікуе сябе яшчэ да пачатку.

Найхутчэй, што 7 верасня на пазачарговым пасяджэнні парламенту і стане вядома дата прэзідэнцкіх выбараў. Імі могуць стаць 12 і 19 снежня.

Наўрад ці Лукашэнка адважыцца прызначаць іх на студзень ці люты, калі ў краіне магчымыя новыя паліўныя войны з Расіяй.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?