У ГУУС Мінгарвыканкама пацвердзілі факт затрымання шасці маладых людзей, якія падазраюцца ў дачыненні да інцыдэнту каля расійскага пасольства ў Мінску 30 жніўня.

Як заявіў начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі, з затрыманымі працуе следства. Яны правяраюцца на дачыненне як да інцыдэнту каля пасольства, так і да іншых супрацьпраўных дзеянняў.

Як раней паведамлялася, маладыя людзі былі затрыманыя 3 верасня. Паводле слоў Аляксандра Ластоўскага, тэрмін іх утрымання пад вартай хутчэй за ўсё будзе працягнуты ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам. Згодна з КПК, максімальны тэрмін затрымання без прад’яўлення абвінавачання ў Беларусі складае 72 гадзіны. Пракурор можа прадоўжыць гэты тэрмін да 10 сутак.

Інцыдэнт каля расійскага дыппрадстаўніцтва ў Мінску адбыўся вечарам 30 жніўня. У 22.20 супрацоўнікі дэпартамента аховы МУС Беларусі пры абходзе тэрыторыі пасольства выявілі падпалены службовы аўтамабіль «Мазда-3». На месцы здарэння была знойдзена шкляная бутэлька ёмістасцю 0,33 літра з рэшткамі запальнай сумесі і асколкі шкляной бутэлькі з рэшткамі кнота. Па факце інцыдэнту была распачата крымінальная справа па артыкуле «Хуліганства».

2 верасня інтэрнет-рэсурсы belarus.indymedia.org і belarus.avtonom.org размясцілі заяву, у якой гаварылася, што адказнасць за напад на расійскае пасольства ў Мінску вечарам 30 жніўня ўзялі на сябе анархісты. «Гэтай акцыяй мы выказваем гнеў і пратэст супраць арыштаў і рэпрэсій у дачыненні да сацыяльных актывістаў, якія сталі на абарону Хімкінскага лесу ў Маскве», — адзначалася ў заяве. Пазней прадстаўнікі кампаніі ў абарону Хімкінскага лесу заявілі, што не маюць інфармацыі, ці з’яўляецца гэта акцыя дзеяннямі правакатараў або сапраўды неабыякавых людзей.

5 верасня сайт belarus.indymedia.org паведаміў, што Ігар Багачак, Валерыя Хоціна, Сяргей Слюсар, Мікалай Дзядок, Аляксей Жынгяроўскі і Аляксандр Францкевіч былі затрыманыя 3 верасня, а шостай гадзіне раніцы супрацоўнікамі праваахоўных органаў і дагэтуль знаходзяцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вуліцы Акрэсціна ў Мінску. З кватэры, якую арандавалі маладыя людзі, канфіскаваны пяць камп’ютэраў, два ноўтбукі, мабільныя тэлефоны, грошы, афішы і часопісы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?