Усе затрыманыя падчас баёў падушкамі 8 верасня ў Мінску адпушчаны без складання пратаколаў, паведаміў БелаПАН грамадскі актывіст Андрэй Кім.

Паводле яго слоў, пасля разгону ўдзельнікаў акцыі з пляцоўкі за філармоніяй на бульвары Мулявіна, а таксама затрымання некаторых з іх асноўная маса грамадзян, якія хацелі ўдзельнічаць у баях падушкамі, змаглі прайсці да парку Горкага. Там у бітве падушкамі ўдзельнічалі 70–80 чалавек. Пасля гэтага прысутныя прайшлі да вуліцы Нямігі, дзе недалёка ад станцыі метро, на набярэжнай ракі Свіслач, ізноў адбыўся бой падушкамі з удзелам 30–40 чалавек.

«Затрымана было каля 50 чалавек. Прыкладна 35 чалавек было дастаўлена ў Савецкі і Ленінскі УУС Мінска. Аднак потым пачала паступаць інфармацыя аб тым, што былі таксама затрыманні ў раёне парку імя Янкі Купалы і ў парку Дружбы народаў. Затрыманыя там былі дастаўлены ва УУС Цэнтральнага раёна Мінска. Мабыць, гэтыя людзі проста не ведалі, дзе і як пройдзе акцыя», — адзначыў Кім.

«Ва ўсіх затрыманых узялі тлумачэнні, пасля чаго іх адпусцілі без складання пратаколаў», — сказаў актывіст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?