Галоўным следчым упраўленнем папярэдняга расследавання Міністэрства ўнутраных спраў паводле матэрыялаў упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС 8 верасня была распачата крымінальная справа ў дачыненні да 39-гадовага жыхара Магілёва.

Яму інкрымінуюць учыненне злачынства, прадугледжанага часткай 4 артыкула 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў у буйных памерах у складзе арганізаванай групы). Пра гэта паведаміў 9 верасня журналістам у Мінску начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Аляксандр Гаўрылаў.

Паводле яго слоў, зламыснік быў затрыманы аператыўнымі супрацоўнікамі ў пункце збірання дарожных пошлін «Рэдзькі», размешчаным на аўтадарозе Брэст — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі. У аўтамабілі «Опель-Астра» з расійскім рэгістрацыйным знакам наркакур’ер перавозіў прыкладна 28 кг гераіну — самую буйную партыю наркотыкаў, якая калі-небудзь канфіскоўвалася на тэрыторыі Беларусі.

Пры правядзенні агляду аўтамабіля ў бакавых панэлях задняга пасажырскага сядзення міліцыянеры знайшлі 187 упаковак акруглай формы, замаскаваных пад цыбулю. У іх знаходзілася герметычна спрасаваная маса шэрага колеру. Паводле заключэння Дзяржаўнага экспертна-крыміналістычнага цэнтра МУС, канфіскаванае рэчыва з’яўляецца гераінам.

Паводле слоў Гаўрылава, затрыманы гераін — «тавар добрай якасці, ацэначны кошт якога складае прыблізна 1 млн. долараў».

Гэты наркатрафік упраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС распрацоўвала больш за паўгода. Затрыманы ўваходзіў у склад транснацыянальнай арганізаванай злачыннай групы, якая займалася пастаўкамі гераіну з Сярэдняй Азіі. Канфіскаваны наркотык прызначаўся для наступнага транзіту ва Украіну і краіны Еўрасаюза, а таксама для распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі.

Гаўрылаў паведаміў, што гэта не апошняе затрыманне ў межах расследавання дзеянняў гэтай злачыннай групы.

Усяго ж у гэтым годзе органамі ўнутраных спраў Беларусі перакрыта 36 міждзяржаўных каналаў пастаўкі і транзіту наркотыкаў. Падчас іх ліквідацыі агульная колькасць канфіскаваных наркатычных сродкаў склала звыш 117 кг, у тым ліку: 37 кг гераіну, больш за 27 кг параметылэфедрона, прыкладна 11 кг амфетаміну і метамфетаміну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?