Страшная і недарэчная аварыя адбылася ў сераду ў Мінску. Пад коламі фуры загінуў 22-гадовы кіроўца скутара.

Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося на вуліцы Ванеева, 29. Скутарыст рухаўся з боку 2-га Веласіпеднага завулка ў кірунку вуліцы Дзянісаўскай па сярэдняй паласе. Па нявызначаных пакуль прычынах не ўтрымаўшы раўнавагу, ён упаў са скутара на левую паласу, дзе у той момант ехала фура.

Трапіўшы пад задняе правае кола 3-тоннага аўтамабіля, хлопец 1988 г.н. загінуў на месцы.

Здарэнне адбылося якраз за святлафорам, і пра перавышэнне хуткасці кіроўцамі гаворкі не ідзе, расказала «Звяздзе» старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Ленінскага РУУС Таццяна Красій. Увогуле, паводле папярэдніх звестак, ніхто з кіроўцаў правілаў не парушаў: фура рухалася ў левай паласе, бо збіралася выконваць левы паварот, скутарыст рухаўся ў сярэдняй, бо правая паласа была занятая прыпаркаванымі аўтамабілямі. Кіроўца фуры з 20-гадовым стажам нават не ўбачыў, як скутарыст упаў, але адразу спыніўся, бо адчуў, што аўтамабіль на штосьці наехаў. Кіроўца скутара быў у матацыклетным шлеме, праўда, гэта яго не ўратавала — пад кола ён трапіў галавой. Кіроўцы аўтамабіляў, якія рухаліся ззаду, сцвярджаюць, што за момант да здарэння кіроўца скутара замахаў рукамі, магчыма, гэтыя жэсты азначалі, што ён збіраецца перастроіцца ў левую паласу.

АДАІ Ленінскага раёна нагадвае, што аварыі з удзелам матацыклаў і скутараў адбываюцца ледзь не штодзённа. У сувязі з гэтым кіроўцы гэтых транспартных сродкаў павінны быць надзвычай уважлівымі, па магчымасці рухацца ў крайняй правай паласе і не грэбаваць матацыклетнымі шлемамі, а з надыходам халоднага надвор’я перасаджвацца на аўтамабілі ці грамадскі транспарт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?