Лукашэнка павіншаваў Петрасяна з народзінамі, аднак праігнараваў Мядзведзева
На фоне віншаванняў губернатарам і народным артыстам гэта глядзіцца недарэчна.
Кіраўнік Беларусі павіншаваў народнага артыста РСФСР Яўгенія Петрасяна з 65-годдзем, паведамляе яго прэс-служба.
Вядомы расійскі шоумен і майстар размоўнага жанру святкуе яго сёння, 16 верасня.
Навіна была б не вартая ўвагі — беларускі лідэр многа каго віншуе, нават нядаўна Ларысу Доліну з юбілеем — каб не адна дэталь.
Два дні таму Лукашэнка (ці яго прэс-служба) абмінула ўвагай 45-годдзе прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева. Прынамсі на афіцыйным сайце пра гэта няма ні слова. Гэта пры тым, што 14 верасня, у дзень народзінаў Мядзведзева, Лукашэнка выказваў спачуванні прэзідэнту Венесуэлы ў сувязі з авіякатастрофай, і павіншаваў прэзідэнта Турцыі Абдулу Гюля з вынікамі агульнанацыянальнага рэферэндума.
13 верасня павіншаваў з 75-годдзем прэзідэнта Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў Альберта Ліханава, а 15 верасня — вядомага беларускага будаўніка Мікалая Ашэйчыка з 70-годдзем.
Нават ва ўмовах інфармацыйнай вайны Беларусі з Расіяй невіншаванне лідара суседняй дзяржавы, найбольшага эканамічнага партнёра, на фоне вітанняў Долінай і Петрасяну, глядзіцца загадкава. Праўда, Мядзведзеў таксама не віншаваў Лукашэнку з ягоным днём народзінаў. Але ці пасуе тут прынцып «вока за вока»?
Алег Гардзіенка
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ