Ці даводзілася вам пакутаваць ад бясссонніцы? Змагацца з ёй цяжка, ніякія там авечкі, што скачуць праз плот, якіх варта пералічыць, не дапамогуць.

Ад бяссонніцы найлепш дапамагаюць шматлікія адвары і настоі, а таксама мёд. Увогуле, у народнай медыцыне існуе больш за 150 рэцэптаў, якія робяць адыход да сну больш камфортным.

Самыя распаўсюджаныя — рэцэпты з мёдам.

Напрыклад, тры гарбатныя лыжкі яблычнага воцату трэба размяшаць у шклянцы з мёдам. Дзве лыжкі атрыманай сумесі перад сном — і праз паўгадзіны вы будзеце моцна спаць. Мёд з воцатам гэтаксама дапаможа, калі вы прачнецеся сярод ночы і не зможаце больш заснуць. А можна адну лыжку мёду размяшаць у шклянцы з вадой і выпіць — танізуе мёд добра. Такімі самымі ўласцівасцямі валодае лавандавае масла — ім можна змазаць кавалачак цукру і рассмактаць перад сном.

Таксама дапамогуць настоі валяр’яны і мяты. У прынцыпе, пасуюць любыя заспакаяльныя адвары траваў.

З чым трэба быць насамрэч асцярожным — снатворнае. Лепш за ўсё ўвогуле адмовіцца ад яго, але калі вы адчуваеце, што гэта адзіны ваш шанец заснуць, то для правільнага падбору снатворнага лепш звярнуцца да доктара. Снатворныя сродкі не ўніверсальныя — калі вы зранку павінны актыўна дзейнічаць, то палова таблетак вам не пасуе, — ёсць рызыка агульнай кволасці цягам першай паловы дня.

Што яшчэ паляпшае сон? Вось яшчэ трохі разумных правілаў.

Не ешце пасля 18­й ці, як мінімум, пасля 19.00. Гэты просты ў выкананні спосаб дапаможа не толькі схуднець — проста арганізму, перагружанаму ежай, цяжэй заснуць. Калі жаданне што­небудзь з’есці ўсё ж перамагае — дазвольце сабе шклянку кефіру ці трошкі садавіны.

Добра прыняць ванну з экстрактам хвоі ці марской соллю.

Калі вы любіце паслухаць музыку, то ад бяссонніцы вас выратуе класіка, напрыклад, Моцарт. Менавіта яго музыка аказвае добры тэрапеўтычны эфект. Ён таксама ратуе ад дэпрэсіі. Калі Моцарта ў вас няма, можна паслухаць паўгадзінкі спакойную інструментальную музыку ці запісы кшталту «Шум мора».

А некаторым дапамагае раўнамерны гук уключанага вентылятара.

Яшчэ адзін правераны метад — сэкс. Пасля сэксу арганізм расслабляецца і імкнецца адпачываць. Менавіта сэксам лепш за ўсё і лечыцца бяссонніца — у дадатак у арганізме пачынаюць выдзяляцца рэчывы, што выклікаюць сон. Таму ўсе байкі пра «адвярнуліся да сцяны і пачалі храпці» выяўляюцца абсалютна лагічнымі.

Існуе таксама метад, да якога ўсе ставяцца з гумарам: трэба пачытаць якую­небудзь сумную кнігу. Псіхолагі кажуць, што таксама падыходзіць для засынання вывучэнне іншамоўнай граматыкі — дзве­тры старонкі, і засынанне вам забяспечана. Калі раптам не спрацуе, можна такім чынам вывучыць мову — лішнім не будзе.

Калі ў вас ёсць сабака, то адпраўцеся з ім на прагулку на паўгадзіны — свежае паветра спрыяе рэлаксацыі арганізма. Падчас прагулкі імкніцеся пазбегчы разважанняў пра надзённыя праблемы.

І галоўнае — не перажывайце з­за бяссонніцы: спыніць яе гэта не дапаможа, а вось расцягнуць — дакладна. Перажыванні на арганізме адбіваюцца яшчэ горш, чым уласна сама бяссонніца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?