Асноўныя ігракі на рынку навігатараў для Беларусі — расійскія кампаніі.

Развіццё тэхналогій і з’яўленне ў масавым выкарыстанні навігатараў яшчэ не выцесніла з ужытку звычайныя карты і атласы, але стварыла ім сур’ёзную канкурэнцыю. Лежачы дома на канапе, можна пагартаць і старонкі атласа. А вось ехаць, расклаўшы карту на рулі, не толькі нязручна, але і небяспечна.

Што такое GPS-навігатар? Калі ў трох словах, то гэта разумная электронная карта.
Якая і пралічыць аптымальны маршрут, і папярэдзіць пра небяспечны ўчастак на дарозе і падкажа, дзе знайсці бліжэйшую запраўку ці, напрыклад, аптэку.

Часта бяруць на ўзбраенне навігатар жанчыны — сапраўды, выглядае як добры падарунак мужу на дзень нараджэння! Але выкарыстоўваць яго яны збіраюцца можна не толькі як электронную карту. Паглядзець кіно ў доўгай дарозе — гэта перадусім карысная функцыя для пасажыраў, бо кіроўцу глядзець фільм будзе нязручна.

Усё часцей навігатары ў машыне ўключаюць і кіроўцы таксі. Апарат адразу паказвае адлегласць і найкарацейшы маршрут, што выклікае давер у пасажыра.

Прынцып працы

GPS навігатар складаецца з прымача і камп’ютара ў адным корпусе. Кожны з іх мае сваю функцыю. Прымач атрымлівае сігналы, якія перадаюцца спадарожнікамі з арбіты, а камп’ютэр расшыфроўвае гэты сігнал і вызначае месцазнаходжанне навігатара. Колькасць спадарожнікаў складае некалькі дзесяткаў. Распрацоўка амерыканскіх вайскоўцаў запрацавала яшчэ ў 1977 годзе, але ў першы час таямніцай і хавалася ад грамадскасці.

Галоўнае, што за выкарыстанне сігнала спадарожніка нічога плаціць не трэба.

Як і ў іншых сучасных прыстасаваннях — хоць у мабільніках, хоць у плэерах, — у навігатары закладзена шмат дадатковых функцый. На іх працуюць і праграмы для набору тэксту, і музычныя прайгравальнікі, і праграмы для прагляду фота.

Афіцыйныя карты Беларусі

Але для тых, хто хоча выкарыстоўваць навігатар пра прамым прызначэнні, галоўнае — падрабязныя карты. Афіцыйны прадукт з’явіўся ў Беларусі зусім нядаўна і знаходзіцца ў стане пастаяннай дапрацоўкі.

Першай ліцэнзійнай картай у Беларусі стаў «Аўтаспадарожнік».
Хоць праграма і расійская, схема створаная і падтрымліваецца айчынным РУП «Белгеадэзія», што падкрэслівае сур’ёзнасць праекту. Найбольш падрабязна выкананая карта Мінска, тут намаляваныя ўсе дваравыя праезды. У абласных цэнтрах і найбольшых гарадах Міншчыны карта прапісана аж да нумароў дамоў, а яшчэ ў 100 населеных пунктах — толькі назвы вуліц. Праграма ведае кожную вёску Беларусі. Распрацоўшчыкі хваляцца, што ў іх праграме ўказаныя нават пасты ДПС, не кажучы пра славутыя мясціны краіны.

Кошт ліцэнзіі складае 90–115 тысяч рублёў. У сервіс уваходзіць магчымасць абнаўлення карты на працягу году. У Расіі праграма ўжо падтрымлівае онлайн-сервіс«Яндэкс-Пробкі» ў Маскве.

На машыны ўсталёўваюцца дадатковыя датчыкі, якія сочаць за хуткасцю і інфармуюць пра ўскладнены рух на асобных дарогах. У выніку астатнія кіроўцы загадзя ведаюць, якія ўчасткі варта аб’ехаць.
Мяркуецца, што неўзабаве «Яндэкс-Пробкамі» усур’ёз займуцца і ў Мінску. Паколькі інфармацыя пра пробкі перадаецца праз інтэрнэт, прыйдзецца дадаткова аплачваць за атрыманую інфармацыю. Таму патрэбна, каб прыстасаванне мела доступ да інтэрнэту

Самы моцны канкурэнт «Аўтаспадарожніка» — «Навітэл Навігатар». Падрабязнасць карты мае тую самую іерархію — Мінск з дваравымі праездамі, абласныя цэнтры і яшчэ каля 20 гарадоў з інфармацыяй «да дома» і, нарэшце, схематычныя выявы астатніх населеных пунктаў з назвамі вуліц.

Беларуская версія карта таннейшая за канкурэнта — ліцэнзія каштуе 69–84 тысячы рублёў. У дадатак,

з сайта кампаніі можна спампаваць беларускамоўную агучку! Гэта значыцца, што навігатар будзе казаць, што «да наступнага паварота засталося» па-беларуску. Даступныя галасы «Алеся» і «Кастусь».
Працуе і сервіс «Заторы». Праўда, інфармацыя ў Мінску неактуальная, бо колькасць датчыкаў у горадзе мінімальная.

Еўрапейскія карты, як, напрыклад, IGO, перадусім маюць дэталізаваную выяву ў суседніх заходніх краінах. У Беларусі іх можна выкарыстоўваць толькі пры транзітным руху праз краіну. Колькасць памылак у гарадах проста агромністая. Дастаткова сказаць, што

ў IGQ ў Мінску частка галоўнага праспекту названая вуліцай Дарашэвіча, а некаторыя вуліцы ў цэнтры горада маюць дарэвалюцыйныя назвы.

Грашовае пытанне

Засталося сказаць колькі словаў пра цану самога навігатара. Самыя недарагія мадэлі, з маленькім экранам дыяганаллю 3,5 цалю, каштуюць ад $90. Сярэдняя цана навігатараў складае каля $120–140.

Кожную з мапаў, названых вышэй, можна спампаваць у інтэрнэце бясплатна. Як вынік,

пірацкія версіі выкарыстоўвае абсалютная большасць беларускіх карыстальнікаў навігатарамі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?