Сяргей Рыжоў другі справа.

Сяргей Рыжоў другі справа.

Пасьля таго, як у Сяргея Рыжова зьявіліся праблемы на працы, супрацоўнік віцебскага садавіна-гароднінавага камбінату «Ноўка» сабраўся на бліжэйшых выбарах балятавацца ў прэзыдэнты.

Сяргею Рыжову 46 гадоў, ён беспартыйны, і падкрэсьлівае, што ў яго ёсьць асабістыя погляды на тое, якім чынам варта было б удасканальваць эканамічнае і духоўнае разьвіцьцё Беларусі. Да нядаўняга часу ён працаваў начальнікам аддзелу гуртовых продажаў, маркетынгу і зьнешнеэканамічнай дзейнасьці. Але мусіў пакінуць гэтую пасаду пасьля скандалу з асьвячэньнем слоікаў зь дзіцячым харчаваньнем — гэткі маркетынгавы ход ён прыдумаў і ажыцьцявіў па ўласнай ініцыятыве.

Спадар Рыжоў распавёў, што правёў адмысловае сацыялягічнае дасьледаваньне: тэлефанаваў выпадковым людзям і вывучаў іх меркаваньні, ці хацелі б яны купляць дзіцячае харчаваньне, асьвячонае праваслаўным сьвятаром.

Паводле словаў Рыжова, бальшыня апытаных выказалася «за», і 6-га жніўня на прадпрыемства запрасілі сьвятара. Аднак прадукцыя з адмысловымі стыкерамі, якія сьведчылі, што яна асьвячоная, так і не зьявілася ў крамах: гандлёвыя прадпрыемствы асьцерагаюцца браць яе без дазволу гарвыканкаму, зь якім Сяргей Рыжоў сваю ініцыятыву не ўзгадніў.

Цяпер спадару Рыжову, як ён кажа, прапанавана ўвогуле звольніцца з прадпрыемства, каб не прыцягваць увагі журналістаў да лёсу асьвячонага дзіцячага харчаваньня, якое так і стаіць на складзе незапатрабаваным.

Добраахвотна Сяргей Рыжоў звальняцца ня хоча. Але сама сытуацыя, калі ягоная ініцыятыва пацягнула за сабой рэпрэсіі, падштурхнула яго да рашэньня балятавацца на пасаду прэзыдэнта РБ. Новы патэнцыйны кандыдат зь Віцебску кажа, што ў яго ўжо амаль сфармаваная ініцыятыўная група, і ён спадзяецца сабраць неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?