Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў у трохгадовы тэрмін вывесці ўсе прадпрыемствы ільняной галіны Беларусі на рэнтабельную працу. Адпаведнае даручэнне прэзідэнт даў 21 верасня падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць.

«Тры гады ў нас тэрмін выхаду на рэнтабельную працу ў цэлым па лёне і для вытворчасці большай колькасці канчатковага прадукту», — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

На пачатку візіту ў ААТ «Дубровенскі ільнозавод» Лукашэнка, звяртаючыся да прысутных чыноўнікаў, адразу абазначыў: «Засталося дзве тэмы, якія не паглядзелі старанна, — гэта вытворчасць ільну і цукровыя буракі». «Мы разабраліся з кукурузай, з уборкай збажыны, трава ў нас больш-менш, з бульбай. Застаўся лён, дзе мы вельмі шмат гаворым, вельмі шмат прымалі рашэнняў, і цукровыя буракі», — адзначыў ён.

Што да лёну, то прэзідэнт сказаў, што, зыходзячы з інфармацыі, якую ён атрымлівае, праца ідзе «вельмі дрэнна». Ён звярнуў увагу чыноўнікаў на неабходнасць хутчэйшай рэалізацыі на практыцы тых рашэнняў, якія былі выпрацаваны падчас нарады вясной гэтага года на Аршанскім ільнокамбінаце. Адным з сур’ёзных недахопаў з’яўляецца тое, што па-ранейшаму не выконваецца тэхналогія нарыхтоўкі ільнотрасты, а гэта цягне значнае зніжэнне якасці ільновалакну. Па-ранейшаму адзначаюцца масавыя прастоі спецыялізаванай тэхнікі, якая прымяняецца ў працэсе вытворчасці ільносыравіны. Істотна вырас сабекошт ільновалакну, што змяншае канкурэнтаздольнасць прадукцыі. Не знята з парадку дня і пытанне недахопу якаснага насеннага матэрыялу.

Як праінфармавалі Лукашэнку, ільняная сыравіна карыстаецца вялікім попытам на знешніх рынках, а да традыцыйна высокага попыту сёлета дадаўся яшчэ і фактар неўраджаю гэтай культуры ў іншых еўрапейскіх краінах. Аднак кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нават калі не будзе магчымасці выхаду на знешнія рынкі, то неабходна айчыннае ільновалакно перапрацаваць у тканіну і забяспечыць пасцельнай бялізнай і іншымі вырабамі з лёну школы, дзіцячыя садкі, армію і інш. У якасці прыкладу ён зазначыў, што сам выкарыстоўвае пасцельную бялізну з лёну.

«Лёну ў Беларусі быць. Я не хачу, каб мы паўтарылі сітуацыю з бульбай», — падкрэсліў прэзідэнт. Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што лён у Беларусі мае своеасаблівае палітычнае значэнне, бо з’яўляецца часткай нацыянальнай культуры і выяўлены на гербе рэспублікі. «За лён будзеце адказваць не менш чым за збажыну», — падкрэсліў ён.

Была абмеркавана перспектыва стварэння ў Віцебскай вобласці холдынгу па вытворчасці і перапрацоўцы лёну на базе Аршанскага ільнокамбіната. Плануецца, што ў склад холдынгу ўвойдуць ільнозаводы, а таксама ўласная тавараправодная сетка ў Беларусі і за мяжой. Акрамя таго, у межах холдынгу будзе наладжана ўзаемадзеянне з ільнонасеннестанцыямі краіны, Інстытутам лёну НАН Беларусі, швейнымі фабрыкамі, банкаўскім сектарам і інш. Лукашэнка даручыў зацікаўленым бакам уважліва прапрацаваць усе пытанні і з красавіка наступнага года пачаць стварэнне холдынгу.

Кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны аб планах мадэрнізацыі ільноперапрацоўчых прадпрыемстваў. Так, для мадэрнізацыі Аршанскага ільнокамбіната ў 2010–2013 гадах з розных крыніц плануецца прыцягнуць больш за 505 млрд. рублёў. Гэта дазволіць павялічыць аб’ёмы перапрацоўкі ільновалакну, нарасціць экспарт прадукцыі і значна павялічыць сярэднюю зарплату на прадпрыемстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?