Затрыманыя 21 верасня ў Мінску ўдзельнікі акцыі ў абарону касцёла Святога Язэпа адпушчаны без складання пратаколаў, паведаміў cустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Павел Севярынец.

Паводле яго слоў, супрацоўнікі міліцыі непадалёк ад касцёла і кляштара бернардзінцаў затрымалі сем чалавек. Акрамя Севярынца гэта сустаршыня аргкамітэта БХД прэтэндэнт на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах Віталь Рымашэўскі, актывіст аргкамітэта БХД Кастусь Шыталь, намеснік старшыні міжнароднага грамадскага аб’яднання «Малады фронт» (Чэхія) Мікалай Дземідзенка, актывіст гэтай арганізацыі Уладзімір Ерамёнак, лідар міжнароднага маладзёжнага аб’яднання «Рух «Маладая Беларусь» (Літва) Зміцер Каспяровіч, а таксама маладзёжны апазіцыйны актывіст Франак Вячорка.

Нягледзячы на затрыманні, акцыя 21 верасня адбылася. У ёй удзельнічалі прыкладна дзесяць чалавек. У сувязі з затрыманнямі актывістаў быў адменены запланаваны велапрабег вакол будынка кляштарнага комплексу.

Удзельнікі акцыі правялі набажэнства, выканалі духоўны гімн «Магутны Божа». Яны прынялі рашэнне запрасіць да будынка кляштарнага комплексу дырэктара КУП «Мінская спадчына» Міхаіла Жыха і старшыню Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча для таго, каб высветліць, чаму помнік архітэктуры, пабудаваны на сродкі вернікаў, не вяртаецца ім, а перабудоўваецца пад гатэль і забаўляльную ўстанову.

Вырашана таксама звярнуцца да прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах па падтрымку і з просьбай падаць прапановы адносна дасягнення мэтаў акцыі. Акрамя таго, падтрымана прапанова аб неабходнасці звароту ў органы пракуратуры ў сувязі з тым, што затрыманні дэмакратычных актывістаў непадалёк ад кляштара праводзяць людзі ў цывільным, без бэйджаў, увесь час вядзецца відэазапіс, гэтыя асобы адмаўляюцца называць сябе. Усё гэта супярэчыць, як мяркуюць удзельнікі акцыі, заканадаўству.

З 16 верасня ў Мінску праходзяць штодзённыя акцыі ў абарону касцёла і кляштара бернардзінцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?