Існуе зацікаўленасць, а не попыт

Старшыня савета Беларускай асацыяцыі «Нерухомасць», кіраўнік сталічнага агенцтва нерухомасці «БелЦТН» Мікалай Прасталупаў адзначыў, што патэнцыйныя пакупнікі актыўнічалі на другасным рынку жылля толькі першыя два тыдні верасня.

Ён лічыць, што вялікія доўгатэрміновыя крэдыты коштам каля 15–17% гадавых пацягне далёка не кожная мінская сям’я. Рэч у тым, што, згодна з гарадской статыстыкай, сярэдняя сталічная сям’я каля 80% сваіх даходаў траціць выключна на штодзённае жыццё. Другім фактарам, які абмяжоўвае жыллёвае крэдытаванне, з’яўляецца жорсткі механізм паручыцельства банкаў. Банкі патрабуюць паручыцеляў з сур’ёзнымі даходамі, а апошнія на паручыцельства згаджаюцца ўжо неахвотна.

Дарагое жыллё амаль не прадаецца

Згодна са статыстыкай інфармацыйнага каталога сталічнага партала жыллёвай нерухомасці, сярэдні кошт прапановы квадратнага метра агульнай плошчы аднапакаёвых кватэр складае сёння 1389 долараў. Спецыялісты партала падлічылі, што нават па аднапакаёвых кватэрах попыт крыху большы за прапанову толькі ў Цэнтральным і Савецкім раёнах. У астатніх раёнах Мінска прапанова па аднапакаёўках вялікая, а рэальных пакупнікоў амаль няма.

Самыя танныя аднапакаёвыя кватэры па кошце ад 35 да 37 тысяч долараў сёння прапануюцца ў сталіцы па вуліцах Чыгладзэ, Красіна, Казінца, Уральскай, Брэсцкай, у Заводскім раёне і Шабанах.

Галоўным чынам гэта «хрушчоўкі» ў старых пяціпавярховых дамах з агульнай плошчай ад 29 да 33 квадратных метраў. Максімальная колькасць прапаноў аднапакаёвых кватэр прыпадае на стандартнае жыллё з цэннікам ад 40 да 50 тысяч долараў. Аднапакаёвыя кватэры коштам звыш 52–55 тысяч долараў цяпер увогуле лічацца «вісякамі», бо імі сёння ніхто амаль не цікавіцца. Выключэнне складаюць толькі вялікія па плошчы аднапакаёўкі, у якіх зроблены якасны еўрарамонт, дом знаходзіцца ў прэстыжным месцы і г.д.

Сярэдні кошт квадратнага метра двухпакаёвых кватэр згодна з каталогам прапановы складае 1376 долараў. Зусім слабенькія па якасці двухпакаёвыя «хрушчоўкі» патаннелі сёння нават у параўнанні са жніўнем. Цяпер такія «двушкі» агульнай плошчай ад 36 да 43 квадратных метраў магчыма набыць за 42–45 тысяч долараў. Па кошце да 52–55 тысяч долараў магчыма адшукаць стандартную двухпакаёвую кватэру нават у дзевяціпавярховых не вельмі старых дамах бадай у любым спальным раёне Мінска.

Вышэй мы агучылі сярэдні кошт прапановы. Мікалай Прасталупаў адзначае, што цяпер двух- і трохпакаёвыя кватэры рэальна прадаюцца толькі ў тых выпадках, калі кошт квадратнага метра ў іх складае 1230–1250 долараў.

Прапанова новых кватэр — мінімальная

Паводле інфармацыі Мікалая Прасталупава, у апошнія некалькі месяцаў на жыллёвым рынку сталіцы істотна паменьшылася прапанова кватэр у новабудоўлях тых дамоў, якія ўжо здадзены ў эксплуатацыю ці будуць пабудаваныя ў бліжэйшыя 2–3 месяцы. У асобных новабудоўлях кватэры на продаж існуюць, аднак цэннік там пачынаецца з 1500 долараў за квадратны метр. Ёсць на рынку і новыя дамы з таннейшым цэннікам за жыллёвы квадрат, але там кліентам прапануюцца кватэры сапраўды вялікіх плошчаў. Так, у мікрараёне Уручча-6 у пабудаваным доме прапануюцца шматпакаёвыя кватэры па фіксаваным кошце квадратнага метра — каля 4,1 млн рублёў. Цэннік жыллёвага квадрата невялікі, аднак па такім кошце прадаюцца толькі трох- і чатырохпакаёвыя кватэры з агульнай плошчай ад 101 да 126 квадратных метраў. Атрымліваецца, што мінімальны кошт такіх кватэр складае ад 130 тысяч долараў і вышэй.

У гэтымі мікрараёне кліентам прапануюцца і меншыя па плошчы кватэры, напрыклад, двухпакаёвыя (67–72 кв. м), ці трохпакаёвыя (85–103 кв. м). Будаўніцтва квадратнага метра ў такім доме для чаргавікоў будзе каштаваць ад 3,4 млн рублёў, а для нечаргавікоў — ад 3,6 млн рублёў. Прапанова сапраўды прывабная, аднак трэба ўлічваць, што грошы на жыллё трэба плаціць сёння, а жылы дом будзе здадзены ў эксплуатацыю толькі ў трэцім квартале 2012 года.

У студзені м 2 — 1200 USD?

Сёння на другасным рынку сталіцы назіраецца плаўнае і амаль непрыкметнае патанненне квадратнага метра жылля.

Мікалай Прасталупаў упэўнены, што ў бліжэйшыя тры месяцы цэннік на другаснае жыллё ў Мінску застанецца нязменным ці будзе вагацца ў розныя бакі ў межах 3–5%.

Апошнія падзеі ў банкаўскай сферы сведчаць пра тое, што камерцыйныя крэдыты на агульных падставах пад жыллёвую нерухомасць істотна не паменшацца.

А гэта значыць, што рэальны попыт на старыя кватэры павялічвацца не будзе.

Істотна патаннець кватэры на другасным рынку таксама не змогуць, бо прадаўцы ніколі не прадавалі сваю нерухомасць танней, чым яна прапануецца па лініі долевага будаўніцтва. Мікалай Прасталупаў прагназуе, што ў першы месяц наступнага года кошт квадратнага метра сталічных кватэр будзе вагацца ў межах 1200–1250 долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?