Беларуская хрысціянская дэмакратыя, «Малады фронт» і Беларуская сацыял‑дэмакратычная партыя «Народная грамада» заявілі аб правядзенні 24 лістапада вулічнай акцыі пад назвай «Сыходзь!».

«Гэта ключавая акцыя. Яна адбудзецца на наступны дзень пасля рэгістрацыі, ці нерэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты. А таксама ў гадавіну антыканстытуцыйнага рэферэндуму 1996 года. Акцыя будзе мець назву «Сыходзь!». Гэта таксама будзе пратэст супраць злоўжыванняў на выбарах, якія рыхтуюцца зараз», — адзначыў сустаршыня БХД Павел Севярынец.

Старшыня БСДП «НГ» Мікалай Статкевіч зазначае, што выбары пройдуць у незвычайных умовах. «Ёсць устойлівая непрыязь да Лукашэнкі. Разам з тым, апазіцыя не змагла дамовіцца аб адзіным кандыдаце», — кажа М.Статкевіч. Тым не менш, ён спадзяецца, што ўдасца выйсці на адзінага ўжо пасля этапу збору подпісаў, каб «адзінага не абраў Лукашэнка».

Кіраўнік МФ Зміцер Дашкевіч кажа, што актывісты ягонай арганізацыі будуць заклікаць людзей на Плошчу.

Падтрымаў яго і кандыдат у прэзідэнты ад БХД Віталь Рымашэўскі, які зазначыў, што нязменны накірунак — Плошча.

Што датычыць перамоваў аб вылучэнні адзінага, то Рымашэўскі кажа, што паўнамоцтваў аб вядзенні перамоваў з іншымі кандыдатамі ў яго няма. «Пакуль у праграме Някляева ёсць пункт пра інтэграцыю з Расіяй, перамовы з ім немагчымыя», — зазначыў сустаршыня БХД.

Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Віталь Рымашэўскі пойдзе падаваць у пятніцу. Кіраўніком групы будзе Павел Севярынец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?