Стаўленне дзяржапарата да мовы мяняецца на лепшае. Піша Ігар Случак.

На старонках «Нашай Нівы» пытанню захавання і развіцця беларускай мовы надаецца шмат увагі. Не так даўно быў надрукаваны артыкул пад назвай «Если не владеете русским, то советую заняться его изучением», дзе былі прыведзены прыклады крайне негатыўнага стаўлення некаторых чыноўнікаў да беларускай мовы, іх агрэсіўнае нежаданне весці справаводства, хаця б і часткова, на беларускай мове.

Але час ідзе і

погляды некаторых персанажаў таго артыкулу пакрыху змяняюцца. І што больш важна, змяняюцца яны, хоць і не хутка, на ўзроўні дзяржавы ў цэлым.

Так, змяніла сваё стаўленне да беларускай мовы ў лепшы бок Міністэрства энергетыкі, хоць раней проста неаднаразова ў сваіх лістах выказвала падзяку «за проявленную заботу и инициативу по сохранению национальных ценностей». Цяпер адказы на звароты з гэтай установы беларускамоўныя і ніякіх складанасцей для іх пераход на беларускамоўе не выклікаў.

Нават прафесар Н.Суша, які казаў у сваім лісце, што калі Вы «не владеете одним из государственных языков — русским, то советую Вам заняться его изучением. Изучив русский язык, Вы тем самым сможете поднять свой культурный уровень и несколько расширить имеющийся у Вас кругозор», цяпер пачаў пісаць па беларуску. Але пазіцыю сваю не змяніў, і напісаў зноў усё вышэй сказанае, але толькі на беларускай мове.

Міністэрства адукацыі палічыла некарэктным даваць ацэнку выказванням рэктара Мінскага інстытута кіравання Сушы, але адзначыла, што «Міністэрства адукацыі можа выказаць толькі сваю пазіцыю — гэта добразычлівыя і ветлівыя адносіны да людзей незалежна ад іх веравызнання і мовы, на якой яны размаўляюць» і дзеля інфармацыі дало спасылку на артыкул 9.22 Адміністрацыйнага кодэксу — «Парушэнне заканадаўства аб мовах». Падаецца, свае вывады міністэрства ўсё ж зрабіла.

Свае высновы таксама зрабіла і адміністрацыя Завадскога раёна Мінска.

Як паведаміла намесніца старшыні адміністрацыі Л.Бараноўская, рэктару ПУА «Мінскі інстытут кіравання» адміністрацыяй Завадскога раёна Мінска накіравана пісьмо аб недапушчальнасці некарэктных дзеянняў пры падрыхтоўцы адказаў на звароты грамадзян.

Між тым, акрамя прафесара Сушы, усё яшчэ застаюцца і іншыя чыноўнікі, упарта не жадаючыя весці справаводства па‑беларуску і выказваючыя пагарду да мовы нацыі, на зямлі якой яны жывуць.

Але не будзем спяшацца з іх ацэнкамі, верагодна ў бліжэйшым часе яны самі перагледзяць сваю пазіцыю.

А аб тым, што адносіны да беларускай мовы пачынаюць мяняцца на дзяржаўным ўзроўні, сведчыць ліст з палаты прадстаўнікоў, дзе дэпутат Яўген Мельнікаў інфармуе, што «Праект Закона Рэспублікі Беларусь « Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» прадугледжвае ўжыванне беларускай мовы. Так згодна артыкулу 12 законапраекта падача зваротаў ажыццяўляецца на беларускай або рускай мове. Артыкул 18 абавязвае даваць адказы на мове звароту».

Таму, калі закон будзе прыняты, можна будзе павіншаваць усіх, хто падтрымліваў персанальную ініцыятыву «Справаводства па‑беларуску!» з першымі перамогамі.

Пакрысе ўсе разам мы вернем беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай мовы ў Беларусі.

Азнаёміцца з адказамі чыноўнікаў па пытанні перавода справаводства на беларускую мову можна па спасылцы ihar-sluchak.livejournal.com.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?