Комплекс «Чайна-Таўн» плануюць пабудаваць у цэнтральнай частцы Мінска. Для рэалізацыі праекта прапануецца зямельны ўчастак ў квартале вуліц Аранскай-Маякоўскага-Дзянісаўскай-завулакСерабранскі-Індустрыяльная. Будаўніцтва можа пачацца ў 2011 годзе.

На сустрэчы з афіцыйнай дэлегацый горада Харбіна, прысвечанай рэалізацыі праекта па будаўніцтве комплексу «Чайна-Таўн», старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька заявіў, што калі сёння будзе прынята канкрэтнае рашэнне, то работа пачнецца ў 2011 годзе.

Паводле ягоных словаў, комплекс «Чайна-Таўн» плануецца пабудаваць у цэнтральнай частцы горада. Апаясваць тэрыторыю будзе водная роўнядзь, што па сусветных мерках лічыцца прэстыжным. «Таму гэтую тэрыторыю мы падбіралі спецыяльна для вартага праекта», — заўважыў Мікалай Ладуцька.

Мэр выказаў гатоўнасць гарадскіх уладаў садзейнічаць ажыццяўленню праекта, у тым ліку: рэгістрацыі аддзялення банка кампаніі-забудоўшчыка або інвестыцыйнай кампаніі, а таксама забеспячэнні тэрыторыі «Чайна-Таўн» інжынернымі камунікацыямі.

«Вынікам дамоўленасцяў павінен стаць інвестыцыйны дагавор паміж Мінскам і кампаніяй, якая будзе рэалізоўваць праект», — сказаў Мікалай Ладуцька, удакладніўшы, што ў інвестдагаворы будуць агавораныя тэрміны праектавання і пачатак будаўніцтва. Мэр Менска выказаў зацікаўленасць падпісаць дакумент у кастрычніку бягучага года, паведамляе БЕЛТА.

Са свайго боку Лінь Да падкрэсліў, што Народны ўрад Харбіна надае вялікую ўвагу праекту, і паабяцаў усялякую падтрымку ў ягонай рэалізацыі.

Увасабляць у жыццё праект у беларускай сталіцы будзе кампанія Harbin Manhattan Multi-Line Group Co, Ltd, старшыня праўлення якой — Цзян Цінке — прысутнічаў на сустрэчы ў Мінгарвыканкаме. Прадстаўляючы гэтую кампанію, старшыня Народнага ўрада Харбіна паведаміў, што Harbin Manhattan — шматпрофільная кампанія, якая спецыялізуецца на інвестыцыйнай дзейнасці, займаецца турызмам, будаўніцтвам, а таксама банкаўскімі аперацыямі. Мае дастатковы вопыт працы ў краінах СНД.

«Чайна-Таўн» — гэта не толькі будаўнічы і эканамічны праект, а перш за ўсё культурны. Упэўнены, з’яўленне ў Мінску такога комплексу ўзбагаціць культурныя сувязі дзвюх краін», — сказаў Лінь До, дадаўшы, што"Чайна-Таўн «зможа стаць своеасаблівай міні-візітоўкай Мінска.

Адзначым, што для Лінь До, які нядаўна прызначаны на пасаду старшыні Народнага ўрада Харбіна, наведванне беларускай сталіцы з’яўляецца першым замежным візітам. Таму кітайскі госць надае яму асаблівую ўвагу. Лінь До таксама выказаў на адрас гарадскіх уладаў словы захаплення парадкам і чысцінёй мінскіх вуліц. «Бездакорная чысціня беларускай сталіцы здзівіла ўсіх нас. Мінск — чысты, прыгожы і дагледжаны горад», — дадаў Лінь До.

Па дадзеных камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, для рэалізацыі праекта па будаўніцтве комплекса «Чайна-Таўн» прапаноўваецца зямельны ўчастак ў квартале вуліц Аранскай-Маякоўскага-Дзянісаўскай-завулакСерабранскі-Індустрыяльная. Пляцоўка ў 15–17 гектараў размяшчаецца ў цэнтральнай частцы Мінска на левым беразе ракі Свіслач у складзе агульнагарадскога парку.

Тут плануецца пабудаваць комплекс «Чайна-Таўн» (8–9 гектараў) і тэматычны парк (5–6 гектараў). На гэтай тэрыторыі знаходзяцца індывідуальныя жылыя дамы, якія падлягаюць зносу (41 дом). Агульная плошча індывідуальнай забудовы — 3,5 тысяч квадратных метраў. Паводле ацэнак, выдаткі на знос прыватнай забудовы могуць скласці каля $ 10 млн.

У адпаведнасці з генеральным планам Мінска на гэтай тэрыторыі магчыма размяшчэнне комплексу ў складзе: бізнес-цэнтр, кітайска-беларускі выставачны цэнтр, гандлёвы бізнес-цэнтр, цэнтр адпачынку, гандлёвая вуліца, цэнтр традыцыйнай кітайскай медыцыны, дзіцячы забаўляльны цэнтр, гатэль. Агульная плошча аб’ектаў можа скласці 55–60 тысяч квадратных метраў.

***

Чайна-Таўн — кітайскі квартал, населеныя кітайцамі кварталы ў некітайскіх гарадах. Цэнтры камерцыі, турызму і кітайскай культуры. Найстарэйшым чайна-таўнам за межамі Азіі з’яўляецца кітайскі квартал у Сан-Францыска, ён быў заснаваны ў 1850 годзе. Больш новыя кітайскія кварталы размешчаны ў Мельбурне, Лас-Вегасе, Лондане, Парыжы і Сеуле.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?