У ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Уладзіміра Някляева запісаліся 346 жыхароў Гомельскай вобласці. Пра гэта паведаміў кіраўнік перадвыбарнага штаба Някляева па Гомельскай вобласці Алег Шабетнік.
Паводле яго слоў, у Гомелі маюць намер збіраць подпісы 160 чалавек, 186 — у раённых цэнтрах вобласці. 23 верасня дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы будуць пададзены ў Цэнтральную выбарчую камісію.
Шабетнік дадаў, што ініцыятыўную групу складаюць члены розных палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, а таксама простыя грамадзяне. «Мы плануем актыўна працаваць у гэтай кампаніі і ісці да перамогі. Думаю, што наша ініцыятыўная група зможа сабраць неабходную колькасць подпісаў», — адзначыў кіраўнік абласнога штаба.





