Ён аказваў інфармацыйную падтрымку сваякам і сябрам затрыманых анархістаў і эколагаў.

23 верасня раніцай на арандаванай кватэры быў затрыманы журналіст агенцтва «Постмэдыя» Аляксандр Ярашэвіч. Пра гэта паведаміў эколаг Уладзімір Валодзін, які нядаўна быў вызвалены з СІЗА на Акрэсціна. А. Ярашэвіч аказваў інфармацыйную падтрымку сваякам і сябрам анархістаў і эколагаў, затрыманых па падазрэнні ў здзяйсненні нападаў на пасольства Расіі ў Мінску і падпале сцяны СІЗА. Паводле Валодзіна, журналіст паспеў паведаміць, што да яго на кватэру прыйшлі супрацоўнікі Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Мінгарвыканкаму, правялі ператрус, а потым адвезлі яго, а таксама актывістку Алену Дубовік на Рэвалюцыйную, 3.

Як кажа эколаг, затрыманыя належаць да экалагічнага руху і з’яўляюцца праціўнікамі пабудовы АЭС у Беларусі.

Уладзімір Валодзін паведаміў таксама, што затрыманні актывістаў экалагічнага руху і анархістаў працягваюцца. Па яго словах, праз допыты і гутаркі прайшло некалькі дзясяткаў чалавек: «Людзей затрымліваюць кожны дзень, вязуць на гутарку, трымаюць некалькі гадзін, а то і цэлы дзень, а потым адпускаюць».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?