У.Някляеў дэманструе даведку з домокіравання, паводле якой ён пражываў у Беларусі апошнія 10 гадоў.
Шлях да ЦВК.
Журналістам дэмантсруюць спіс ініцыятыўнай групы. Там ажно тры Лукашэнкі і адна Ярмошына.
Першым апазіцыйным прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта, які падаў у ЦВК дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы, стаў лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў.
На момант падачы дакументаў туды ўваходзіла больш за дзве з паловай тысячы чалавек. У ЦВК дакументы прынялі, падзякаваўшы за дакладнасць іх афармлення і пажадалі поспехаў падчас перадвыбарчай гонкі.
Журналістаў штаб Някляева на працэдуру падачы дакументаў у ЦВК збіраў у атмасферы таямнічасці — ніякіх тэлефонных размоваў і падрабязнасцяў, толькі час і месца сустрэчы. У выніку прадстаўнікі незалежных СМІ рабілі самыя неверагодныя прагнозы аб маючым адбыцца мерапрыемстве. Сумненні развеяў сам Някляеў, які заявіў, што ад плошчы Перамогі, дзе збіраліся журналісты і прадстаўнікі штабу Някляева, да плошчы Незалежнасці, дзе знаходзіцца ЦВК,
мы паедзем на самым звычайным трамваі. Што праўда, маршруту нумар 1. «Ужо гэта сімвалічна!», — натхнёна заяўляў кандыдат ў прэзідэнты.
Натоўп з супрацоўнікаў кандыдацкага штабу і журналістаў выклікаў невялікі перапалох спачатку на трамвайным прыпынку, а потым і ў самім трамваі. Бездакорна апранутыя супрацоўнікі штабу з навюткімі белымі шалікамі з эмблемамі кампаніі і дзесятак фота і відэакамер — такое ў звычайным сталічным трамваі не кожны дзень пабачыш. Нават кантралёр не наважылася падыходзіць да шумнай кампаніі. Сам Някляеў жаданне праехацца да ЦВК на трамваі патлумачыў проста: «Трэба быць бліжэй да народа. Ад самага пачатку. Тым больш, што гэта самы танны спосаб перамяшчэння па горадзе». Як аказалася блізкасць да народу была зусім не лішняй. Адна з пасажырак пенсійнага веку на пытанне журналіста, ці ведае яна Някляева, адказала наступным чынам:
«Так. Канешне. Гэта паэт. — А ці будзеце галасаваць за яго на выбарах? — Галасаваць за Някляева? Дык ён жа памёр!».Даведаўшыся, што Някляеў не толькі жывы, але нават збіраецца балатавацца ў прэзідэнты, жанчына папрасіла перадаць яму пажаданні пражыць столькі ж, колькі ён ужо пражыў.
Трамвай тым часам ехаў па Мінску. Кандыдат часу не губляў і адказваў на пытанні журналістаў ды зладзіў невялікую гістарычную лекцыю. Распавядаў аб Сувораве, Мяснікове і савецкіх часах. У прыватнасці, Някляеў паабяцаў пазбавіцца пасля перамогі ад савецкага ідэалагічнага апарату, які ў часы Лукашэнкі толькі разросся.
«Вось бачыце, канцэртная зала „Мінск“. Некалі тут ідэолагі засядалі. Зараз вызвалілі гэты вялікі будынак, бо нават тут ім стала цесна»,— заявіў Някляеў, калі трамвай праязджаў непадалёк КЗ «Мінск».
Выказаўся кандыдат і аб дзеяннях іншых апанентаў рэжыму Лукашэнкі. «Зараз яны змагаюцца са мной. Гэта лягчэй — у мяне няма столькі рэсурсаў, няма войскаў, міліцыі. Змагацца са мой прасцей, чым з Лукашэнкам», — заявіў лідэр «Гавары праўду!». Пракаментаваў па дарозе ў ЦВК Някляеў і меркаванне аб сваёй прарасійскасці:
«У Маскву я не езджу. Мяне туды пакуль не клікалі. Ды і навошта ім мяне клікаць? Я думаю, што там ёсць план звяржэння Лукашэнкі. Але яны дакладна не будуць гэтага рабіць да выбараў.Крэмль проста не мае на каго абаперціся тут зараз. Усе абвінавачваюць мяне ў сувязі з Крамлём. Але там таксама ведаюць, чаму я пасварыўся з Лукашэнкам. Што я адстойваю беларускую мову і культуру, што я супраць пабудовы Саюзнай дзяржавы».
Парад будынкам ЦВК Някляеў прадэманстраваў журналістам спіс сваёй ініцыятыўнай групы (куды, дарэчы, увайшлі ажно тры Лукашэнкі і адна Ярмошына), а таксама дакументы са свайго домакіравання, паводле якіх ён на працягу апошніх дзесяці гадоў пражываў у Беларусі. Гэтыя апошнія паперы выклікалі асаблівую цікавасць у журналістаў. І недарэмна — аб эміграцыі Някляева чулі ўсе і менавіта працяглая адсутнасць у Беларусі можа стаць прычынай адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты.
У ЦВК, аднак, папярэдне агледзеўшы стос пададзеных папераў, ніякіх парушэнняў не заўважылі і адно падзякавалі за добрае афармленне дакументаў ды пажадалі поспехаў.





