Беларусы ў сваёй большасці сёння абсалютна не гатовыя вывучаць замежныя мовы па-беларуску (калі казаць пра рэальных беларусаў, а не пра створаных у нечым уяўленні). Проста дзеля таго, што беларуская мова для большасці сённяшніх беларусаў — не тая, на якой яны думаюць і якой карыстаюцца ў штодзённым побыце. Думаюць і выкарыстоўваюць штодня яны расейскую мову. І дзеля таго, натуральна, праз гэтую мову ім прасцей вывучаць і іншыя — бо, засвойваючы граматычныя, фанетычныя ды іншыя нормы, ім не даводзіцца пераадольваць лішнія цяжкасці, выслухоўваючы тлумачэнні і без таго часам аж занадта складаных і заблытаных правілаў на не зусім звыклай мове.

Фактычна сітуацыя выглядала б так — чалавек выслухоўвае тлумачэнні выкладчыка па-беларуску, у галаве перакладае гэта на расейскую мову і толькі потым пачынае неяк разбірацца з той канкрэтнай мовай, якую ён, уласна кажучы, вывучае. Каму гэта патрэбна? Толькі людзям ідэйным, для якіх выкарыстанне беларускай мовы пры вывучэнні, скажам, ангельскай — справа прынцыпу. Ну і, таксама, натуральна, тым людзям, для якіх беларуская мова рэальна хатняя, г.зн. тая мова, на якой яны думаюць.

Такіх людзей вельмі-вельмі ў сучаснай Беларусі мала, але яны ўсё ж ёсць — і менавіта на іх разлічана серыя кніг «Беларускія ЕўраГраматыкі». І яе з’яўленне для БЕЛАРУСКАМОЎНАЙ супольнасці сапраўды мае вельмі важнае значэнне. Бо раней нават тыя, хто ўсёй душой хацеў вывучаць замежную мову па-беларуску (у тым ліку і я сам), усё ж такі мусіў рабіць гэта па-расейску дзеля поўнай (ці амаль поўнай) адсутнасці беларускамоўных падручнікаў, слоўнікаў, дапаможнікаў і да т. п. Дзеля гэтага часта і складваецца абсалютна парадаксальная сітуацыя, калі ў абсалютна беларускамоўных людзей пры патрэбе перакласці нешта з замежнай ці на замежную мовы раптам падсвядома пачынаюць усплываць у галаве расейскамоўныя выразы, і ім прасцей з замежнай мовы перакладаць на расейскую, чым на беларускую, хоць звычайна яны гавораць менавіта па-беларуску.

Тое самае і з прафесійнымі перакладчыкамі — асабіста мне вельмі часта даводзілася сутыкацца з сітуацыяй, калі на нейкім мерапрыемстве перкладчык падчас прыватных размоў проста цудоўна размаўляе па-беларуску, але калі даходзіць справа да перакладу — перакладае на расейскую, хоць аўдыторыя, для якой пераклад прызначаны, збольшага беларускамоўная. Гэта не дзеля таго так адбываецца, што беларуская мова апрыёрна з замежнай не суадносіцца (як, магчыма, думаюць апантаныя «русапяты») — прычына выключна ў адсутнасці адпаведнай беларускай літаратуры для вывучэння замежных моў. І з дадзенага пункту гледжання выданні, якія робіць выдавецтва Сіўчыкава, для БЕЛАРУСКАМОЎНАЙ часткі беларусаў проста неацэнныя (вядома, калі яны маюць належную якасць). Адпаведна для расейскамоўнай (большай) часткі беларусаў яны ніякага значэння не маюць і ніяк выкарыстоўвацца не будуць. Такая, на жаль, у нас цяпер сітуацыя. І яе трэба адэкватна ацэньваць.

Сцверджанні ж, што «Пры панаванні расейскай мовы, нават не размаўляючым свабодна па-беларуску вывучаць замежную на беларускай будзе больш эфектыўна, бо дапамагае абстрагавацца ад моўных канструкцый і стэрэатыпаў расейскай мовы» ці што «На беларускай будзе больш эфектыўна хаця б з тае прычыны, што тут граматыка бліжэйшая да ангельскай, дый слоў нашмат больш падобных. Навучанне ангельскай на беларускай дазволіць адразу зразумець, як правільна задаваць пытанні (Do you…) — Ці вы…, ужываць правільныя прыназоўнікі (translate into English) — перакласці ў ангельскую, і г. д." падаюцца мне прыцягнутымі за вушы. Чамусьці аўтар апошняга сцверджання і сам не заўважыў, што ён, кажучы пра «правільныя» прыназоўнікі, сам ён у якасці прыкладу прывёў якраз абсалютна няправільны. Бо па-беларуску ніхто не кажа «перакласці Ў ангельскую», а толькі «перакласці НА ангельскую». Што ж, нічога дзіўнага тут няма — даўно вядома, што шчырая ідэйная у нечым перакананасць не заўсёды тоесная (а можа, і ніколі) аб’ектыўнаму погляду на рэчы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?