Той, хто захоча пакінуць аўтамабіль у гістарычным і дзелавым цэнтры, павінен заплаціць высокі кошт.

Да канца 2013 года ў Цэнтральным раёне сталіцы будуць пабудаваныя два новыя паркінгі. Кошт гадзіны паркоўкі ў іх будзе значна вышэйшым, чым у астатніх частках горада.

Пра гэта напярэдадні на сустрэчы з жыхарамі раёну паведаміў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька. Паводле яго словаў, ужо ў 2011 годзе пачнецца будаўніцтва паркінга на Кастрычніцкай плошчы. Дзякуючы новаму аб’екту на 600–650 машына-месцаў будзе знятая нагрузка з дваровых тэрыторый і вуліц цэнтральнай часткі горада. Паркінг плануецца ўвесці ў эксплуатацыю за 2,5–3 гады, паведамляе Руль.by.

Разглядаецца магчымасць будаўніцтва падземнага паркінга на 500 аўтамабіляў у раёне стадыёна «Дынама». Гэтая задача таксама павінна быць вырашаная на працягу трох гадоў.

«Той, хто захоча пакінуць аўтамабіль у гістарычным і справавым цэнтры, будзе вымушаны плаціць дастаткова высокі кошт за 1 гадзіну паркоўкі. Цана паслугі канчаткова не вызначаная, але яна павінна быць, па вопыту іншых дзяржаў, у сярэднім у 10 разоў вышэйшай за звычайную гадзіну паркоўкі. Гэта будзе апраўдана камфортам кіроўцаў», — падкрэсліў старшыня Мінгарвыканкама.

«У Цэнтральным раёне сёння няпроста падабраць пляцоўку, дзе можна было б размясціць паркінг. Гэта тэрыторыя вельмі шчыльнай забудовы. Таму тут варта шукаць рашэнне задачы не толькі ў будаўніцтве паркінгаў, але і ў пашырэнні праездаў, стварэнні парковачных месцаў на дваровых тэрыторыях», — растлумачыў старшыня Мікалай Ладуцька.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?