Мінчане і госці сталіцы змогуць знайсці сабе вернага чатырохногага сябра ў час дабрачыннай акцыі 2 кастрычніка ў парку імя Максіма Горкага. Пра гэта паведамілі БЕЛТА ў грамадскім аб’яднанні абароны жывёл «Эгіда».

Акцыя прымеркавана да Сусветнага дня жывёл, які традыцыйна адзначаецца 4 кастрычніка. Плануецца, што спецыялісты «Эгіды» прывядуць у парк больш за 100 былых беспрытульных сабак і катоў. Усе гадаванцы прышчэпленыя, маюць ветэрынарны пашпарт, большасць стэрылізаваныя.

Будучым гаспадарам пажадана мець пры сабе пашпарт, ашыйнік, павадок або пераноску для катоў.

Арганізатары акцыі падрыхтавалі спецыяльную праграму для наведвальнікаў парку. Дзяцей чакаюць розныя конкурсы, віктарыны, майстар-клас ад фальклорнага ансамбля танца «Фламея», выступленне дзіцячых музычных калектываў. Таксама кожны жадаючы зможа атрымаць кваліфікаваную кансультацыю ад ветэрынарных урачоў. Усе, хто хоча ўзяць удзел у дапамозе кінутым сабакам і катам, могуць прынесці корм, амуніцыю і ўсё, што можа спатрэбіцца для догляду за чатырохногімі сябрамі, у палатку «Дапамога жывёлам». Акцыю падтрымаюць зоркі беларускай эстрады. Весці мерапрыемства будуць вядучая «Рускага радыё» Ірына Жываева і аўтар і рэжысёр праграмы «Мой любімы гадаванец» Ганна Камарова.

Нагадаем, што спецыялістам «Эгіды» летась у час акцыі ўдалося знайсці гаспадароў для 90 катоў і сабак.

У многіх краінах свету Сусветны дзень жывёл адзначаецца 4 кастрычніка. Гэта дата была выбрана па рашэнні Міжнароднага кангрэса прыхільнікаў руху ў абарону прыроды, які праходзіў у Фларэнцыі ў 1931 годзе. Менавіта ў гэты дзень католікі ўсяго свету адзначаюць Дзень Святога Францыска Асізскага — заснавальніка ордэна францысканцаў і заступніка жывёл.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?