Блогеры іранізуюць над спробамі Някляева заручыцца падтрымкай Расіі.

Блогеры іранізуюць над спробамі Някляева заручыцца падтрымкай Расіі.

Паводле маёй інфармацыі Някляеў — не прарасейскі кандыдат, і ўся гэтая мітусьня з прапісваньнем яму прарасейскасьці была пэўнай палітычнай тэхналёгіяй.
Гэта было зроблена дзеля таго, каб павялічыць градус параноі ў галаве прэзыдэнта Лукашэнкі. Нейкі час сапраўды ўзьнікала ўражаньне, асабліва дзякуючы досыць удалым піяр-крокам спадара Някляева, напрыклад, з заявай пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі ў эфіры «Рэха Масквы», што ён інсьпіраваны, ці фінансуецца ці яшчэ нейкім чынам залежыць ад расейскіх рэсурсаў.

Цяпер, праз некалькі месяцаў можна адназначна сьцьвярджаць, што

Някляеў палітык з таго самага шэрагу, што і Лябедзька, Калякін ці Міхалевіч.
Гэта важны момант, які дазваляе нам зразумець канцавыя мэты гэтай выбарчай кампаніі. Я спэцыяльна перагледзеў перадвыбарчыя тэзісы Някляева: гэта абсалютна бляклая, незьмястоўная праграма. Ніякіх інавацыйных рэчаў, якія б адсутнічалі ў праграме самога прэзыдэнта Лукашэнкі ці яго асноўных супернікаў, няма.
Някляеў — гэта тыповы паліттэхналягічны кандыдат,
прыдуманы дзеля таго, каб даць поўху тым людзям, пра якіх гаварылі, што яны гранды беларускай апазыцыі. Някляеў паказвае, што ўсе гэтыя людзі — ніякія не гранды, што яны звычайныя, шараговыя байцы апазыцыйнага фронту, і ў выпадку адпаведнай геапалітычнай каньюнктуры іх сымбалічны капітал, які нібыта назапашваўся дзесяткамі гадоў, нічога ня значыць.
Факт вывядзеньня Някляева ў фаварыты пэўнымі структурамі як нішто іншае падкрэсьлівае цынічнае і ўтылітарнае стаўленьне да такіх байцоў, як Аляксандар Мілінкевіч
і да яго падобныя.

Выяўляецца, што ўся гэтая складаная інжынэрыя, канфэрэнцыйная актыўнасьць, разбудова рэгіянальных структур шэлега ламанага ня вартая. Цяпер стаўка робіцца на асьвяжэньне фронту, на нейкія нечаканыя, непрадказальныя рашэньні, на новых людзей, якія маюць мінімальны досьвед удзелу ў беларускай палітыцы.

Стаўка робіцца выключна на мэдыйны эфэкт.
І гэта часткова акупляецца, бо тая агрэсія, зь якой Лукашэнка абрынаўся на расейскія спэцслужбы і нават на расейскі ўладны тандэм, была беспрэцэдэнтная. Магчыма, гэтаму паспрыялі, з аднаго боку, спроба мэдыйнага кілерства ў выглядзе гэтых тэлесэрыялаў і рэпартажаў, а з другога — нявызначанасьць, няяснасьць вытокаў кампаніі такіх кандыдатаў, як спадар Някляеў.
У сёлетняй выбарчай кампаніі ў Беларусі Расея і Захад у параўнаньні з 2006 годам памяняліся месцамі.
З пункту гледжаньня афіцыйнага Менску калі нехта і ставіць пад сумнеў выйгрыш Лукашэнкі на гэтых выбарах, то гэта Расея. І Лукашэнка адказвае Расеі жорстка, на мяжы з грубасьцю. Нагадаю яго апошнюю важную заяву, калі ён абвінаваціў расейскія спэцслужбы ў падпальваньні аўтамабіля на стаянцы каля расейскай амбасады.

Здаецца, што

для Захаду сёлетнія прэзыдэнцкія выбары — форма заахвочваньня прэзыдэнта Лукашэнкі
ў той палітычны дрэйф, які доўжыцца цягам апошніх гадоў. Мы маем справу з вельмі цынічнай палітычнай тэхналёгіяй, згодна зь якой усё робіцца дзеля таго, каб гэтыя выбары прайшлі максымальна спакойна і прадказальна.
Тыя кандыдаты, на чале з Някляевым, якія заявілі пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі, на мой погляд апрыёры няздольныя стварыць нешта кшталту новай Плошчы.

Агулам пададзеныя заяўкі ад 19 ініцыятыўных груп. Нагадаю, на выбарах 2006 году іх было толькі 8, а ў 2001 годзе — ажно 27. Цяпер сытуацыя больш падобная на 2001 год, чым на 2006-ы. Чаму? Адказ ляжыць на паверхні. Я тлумачу гэта зьніжэньнем градусу страху ў беларускім грамадзтве.

У 2006 годзе адбыўся велізарны выбух грамадзкай энэргіі, які на палітычным слэнгу называецца Плошчай.

Я наагул схільны тлумачыць падзеі сёлетняга году эфэктам беларускага прарыву, які хоць і ў абмежаванай ступені, але быў дасягнуты Плошчай.

Тыя, хто трымаюць уладу, убачылі, што аўтарытарызм — гэта «неўсурьёз і ненадоўга», што калі працягваць курс на закручваньне шрубак, то здарыцца нешта непрадказальнае.

Беларуская намэнклятура застаецца напужаная, яна не прадстаўленая на гэтым этапе выбарчай кампаніі. Але разам з тым шараговыя беларускія грамадзяне не баяцца і досыць сьмела заяўляюць пра свае амбіцыі на гэтай фазе падачы заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?