Фота з Вікіпедыі

Фота з Вікіпедыі

Як паведамілі ў Беларускай федэрацыі гандбола, гулец іспанскай «Барселоны» Сяргей Рутэнка афіцыйна атрымаў права выступаць за нацыянальную зборную Беларусі.

Пра гэта паведамляецца ў лісце з Міжнароднай федэрацыі гандбола за подпісамі кіраўніка дырэктара Амаля Халіфы і кіраўніка офіса Хрыста Башкоўскага:

«Паважаныя гандбольныя сябры! Пасля стараннага вывучэння акалічнасцяў статусу прыгоднасці гульца Сяргея Рутенкі і інтэрпрэтацыі артыкула 7 Кодэкса прыгоднасці (прыдатнасці) гульцоў, паведамляем вам, што Рутэнка адпавядае ўсім тром умовам допуску неабходным, каб прадстаўляць Беларусь. Такім чынам, ён мае права гуляць за нацыянальную каманду Беларусі».

БФГ і яе кіраўніка Уладзіміра Канаплёва можна павіншаваць з сур’ёзным дасягненнем на дыпламатычным фронце, паведамляе Прессбол.

***

Сяргей Рутэнка (29.08.1981) — выхаванец мінскай школы гандбола. У 2000-м у складзе моладзевай зборнай Беларусі стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату свету і перабраўся з мінскага «Аркатрона» у славенскі клуб «Гарэнье». Потым перайшоў у клуб «Піваварня Лашко». У 2004 г. пагадзіўся прыняць славенскае грамадзянства. Дэбютны матч за Славенію правёў на Алімпійскіх гульнях у Афінах супраць зборнай Расіі. Усяго за славенскую зборную Сяргей правёў 40 матчаў, забіў 269 мячоў; стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Еўропы 2006 года (51 гол).

У 2005 г. Рутэнка пераехаў гуляць у адзін з наймацнейшых клубаў Еўропы — іспанскі «Сьюдад-Рэал», з якім за 4 сезона атрымаў па тры перамогі ў Лізе чэмпіёнаў, Лізе ASOBAL (чэмпіянаце Іспаніі) і Кубку Іспаніі. У студзені 2008 г. па ініцыятыве кіраўніцтва «Сьюдад-Рэала» з прычыны абмежаванай квоты на легіянераў прыняў грамадзянства Іспаніі.

Прыкладна ў гэты ж час Сяргей Рутэнка заявіў пра жаданне вярнуцца ў зборную Беларусі адразу па заканчэнні неабходнага трохгадовага тэрміну з часу яго апошняга афіцыйнага матчу за Славенію. У студзені 2010 года Рутэнка быў уключаны ў пашыраную заяўку зборнай Беларусі на адборачны турнір чэмпіянату свету-2011, але з-за юрыдычных перашкод вяртанне гульца ў родную каманду тады было адкладзенае.

***

Нагадаем, што ў кваліфікацыі мужчынскага чэмпіянату Еўропы па гандболе зборная Беларусі (галоўны трэнер - Юры Шаўцоў) трапіла ў адну групу са зборнымі Даніі, Расіі, Швейцарыі. Адбор стартуе ўжо пры канцы кастрычніка. Першы матч супраць Даніі ў гасцях (27 ці 28 кастрычніка), затым 31 кастрычніка - дома супраць Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?