29 верасня завяршаецца фарміраванне тэрытарыяльных выбарчых камісій на выбарах прэзідэнта, паведаміў БелаПАН сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

Усяго будзе створана 155 тэрытарыяльных камісій, у тым ліку: 118 раённых, 24 раённыя ў гарадах, шэсць раённых у гарадах абласнога падпарадкавання (Орша, Барысаў, Пінск, Полацк, Наваполацк, Жодзіна), шэсць абласных і адна Мінская гарадская.

Права вылучаць прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных камісій мелі палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў.

Усяго для працы ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях быў вылучаны 2.681 чалавек.

Найбольшую колькасць прадстаўнікоў вылучылі ў тэрытарыяльныя камісіі грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі — 1.177.

З 15 зарэгістраваных палітычных партый сваіх прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных камісій вылучылі дзесяць. Апазіцыйныя партыі прапанавалі 70 чалавек, у тым ліку Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» — 36, Аб’яднаная грамадзянская партыя — 24, Партыя БНФ — сем, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада — тры. Неабходна адзначыць, што прадстаўнікоў апазіцыйных арганізацый у камісіі вылучалася больш, бо іх вылучалі і шляхам збору подпісаў.

З грамадскіх арганізацый найбольш актыўнымі былі прафсаюзы (269 чалавек), грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» (151) і БРСМ (142).

Лазавік паведаміў, што па 17 кастрычніка ўключна будзе праходзіць стварэнне ўчасткаў для галасавання. Пасля гэтага пачнецца вылучэнне прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій, якое завершыцца 31 кастрычніка. Фарміраванне ўчастковых камісій будзе праходзіць да 3 лістапада ўключна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?