Лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў разлічвае дамовіцца з астатнімі дэмакратычнымі прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта аб вылучэнні адзінага кандыдата.

Пра гэта ён паведаміў у інтэрв’ю БелаПАН.

«Зразумела, што шматквецце з 17 ініцыятыўных груп абляціць. Рэальна, акрамя Лукашэнкі,

могуць прадоўжыць удзельнічаць у выбарчай кампаніі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Някляеў, Саннікаў, Раманчук і Кастусёў. Гэта максімум»,

— сказаў ён.

Някляеў лічыць, што перамоўны працэс аб адзіным кандыдаце пачнецца да завяршэння збору подпісаў. «Ужо ў другой палове збору подпісаў будзе відаць, хто ёсць хто. Прычым пачнецца рух насустрач адзін аднаму найперш тых, хто не будзе набіраць неабходную колькасць подпісаў. Каб трымаць марку, захаваць твар, менавіта яны будуць рухацца да аб’яднальнага працэсу, хоць цяпер быццам пра яго і не гавораць», — сказаў ён.

Някляеў адзначыў, што вядзе перамовы «з усімі».

«І нельга сказаць, што гэтыя перамовы зусім не прадуктыўныя», — падкрэсліў ён.

«Калі пачнецца рэгістрацыя кандыдатаў, Лукашэнку будзе над чым падумаць, — сказаў Някляеў. — І гэта будзе незалежна ад таго, збярэ хто рэальныя 100 тысяч подпісаў ці не. Улады проста могуць уключыць на карысць зручнага ёй канкурэнта прозвішча з тэлефоннай кнігі, і ніхто на гэта ў Цэнтрвыбаркаме не зверне ўвагі».

Паводле меркавання Някляева, нават калі апазіцыя не абярэ адзінага кандыдата, але хоць бы выйдзе на рэальную магчымасць яго вылучэння, у Лукашэнкі будуць звязаныя рукі. «Ён не будзе ведаць, што зробіць такі кандыдат. Рашэнне, якое можа прыняць адзіны кандыдат, можа быць вельмі нечаканым для ўлад», — мяркуе ён.

Някляеў таксама сказаў, што, калі яму ў рэгістрацыі будзе адмоўлена, ён падтрымае іншага дэмакратычнага кандыдата ў прэзідэнты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?