Галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка, фота Івана Уральскага, goals.by

Галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка, фота Івана Уральскага, goals.by

У матчы другога тура групавога этапу Лігі Еўропы УЕФА супраць галандскага АZ футбалісты БАТЭ настроеныя толькі на перамогу, заявіў нападаючы барысаўскай каманды Віталь Радзівонаў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 29 верасня.
Гульня пройдзе 30 верасня на сталічным стадыёне «Дынама» (пачатак у 22.05).
«Настрой самы баявы. Будзем выходзіць на матч толькі з адной думкай — перамагчы. Іншае і ўявіць не магу, хоць сапернік сур’ёзны», — сказаў футбаліст.

Паводле слоў галоўнага трэнера БАТЭ Віктара Ганчарэнкі, вельмі важна, што напярэдадні гэтай сустрэчы каманда перамагла ў матчы нацыянальнага чэмпіянату (2:1 супраць найбліжэйшага праследавацеля «Мінска») і да паядынку з АЗ падыходзіць з добрым настроем. Ганчарэнка адзначыў, што фізічна складана гуляць па цяперашнім графіку (пяты матч за апошнія два тыдні), але з гэтым сутыкаліся многія каманды.

Пад пытаннем удзел у матчы капітана Дзмітрыя Ліхтаровіча і Аляксандра Паўлава. Пра саперніка, паведаміў Ганчарэнка, сабрана шмат інфармацыі. У прыватнасці, яго памочнік Вадзім Скрыпчанка выязджаў на апошні матч чэмпіянату Галандыі з удзелам АЗ. Як і ўсе галандскія клубы, АЗ любіць пагуляць з мячом і атакаваць, адзначыў галоўны трэнер БАТЭ.

У адрозненне ад стартавага матчу супраць кіеўскага «Дынама», гульцы каманд-саперніц не займаюцца славеснай пікіроўкай.

«Тады гулялі дзве каманды з постсавецкай прасторы, і абодва бакі хацелі даказаць, хто лепшы, хто горшы, а тут мы проста гуляем з еўрапейскай камандай», — адзначыў Віталь Радзівонаў. «І мы, і Кіеў размаўляем на рускай мове, і без перакладчыка ўсё зразумела, а тут цяжэй», — дадаў Ганчарэнка.

У першым туры БАТЭ згуляў на выездзе ўнічыю 2:2 з кіеўскім «Дынама», а АЗ выйграў дома ў малдаўскага «Шэрыфа» — 2:1.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?