Настаўніца дзейнічала згодна Інструкцыі аб парадку фарміравання культуры вуснай і пісьмовай мовы.

Настаўнік прымусіў бацькоў замяніць дзённік дзіцяці таму, што яны запоўнілі яго на беларускай мове.

Гэтая гісторыя адбылася з трэцякласнікам адной з гімназій Гродна. Тата з сынам купілі дзённік, выдадзены на беларускай мове, разам запоўнілі яго на «роднай мове». Настаўніца, убачыўшы непарадак, папрасіла купіць новы і падпісаць яго па-расійску.

— На мой погляд, я дзейнічаў лагічна: на якой мове надрукаваны, на такой і запаўняем. Але настаўнік сцвярджаў, што ў вядзенні дакументаў павінна быць адзінства: раз мова навучання ў школе расійская, значыць, і запісы ў дзённіку павінны быць па-расійску рукой дзіцяці.
Бо пры першай жа праверцы дзённікаў адміністрацыя школы ці камісія з раённага аддзела адукацыі зробіць строгую заўвагу, —распавядае Валерый, бацька хлопчыка.

У выніку сям’я патрабаванню падпарадкавалася, але асадак застаўся.

Бацькі ўпэўнены: такім стаўленнем у дзяцей адбіваецца цікавасць да мовы, бо ў дзіцяці адклалася ў галаве: «мова» гэта дрэнна, з-за яе адны праблемы.
Не зразумелі яны і таго, навошта тады ў нашай краіне друкуюць дакументы на беларускай, калі запаўняць іх на гэтай мове нельга. Дарэчы, «бракаваны» дзённік ім пакуль не вярнулі.

Па законе настаўнік меў рацыю. Завуч пачатковых класаў згаданай гімназіі пацвердзіла, што

педагог дзейнічаў згодна Інструкцыі аб парадку фарміравання культуры вуснай і пісьмовай мовы. У ёй гаворыцца, што ўся школьная дакументацыя павінна весціся на асноўнай мове выкладання, а гэта расійская.
Паводле яе слоў, «у такім жа становішчы знаходзяцца і настаўнікі, якія вядуць запісы на расійскай мове ў класных журналах, выдадзеных на «роднай мове». Але калі б патрыятычны тата настаяў, для яго сына, магчыма, зрабілі б выключэнне. Праўда, на педнарадзе перш задумаліся б, з якімі цяжкасцямі сутыкнецца клас. Бо дыктаваць трэцякласнікам хатняе заданне прыйдзецца па чарзе на двух мовах, а гэта доўга і будзе блытаць дзяцей.

У аддзеле адукацыі Ленінскага раёна спачатку абурыліся: «у нас жа дзвюхмоўе, дзіця можа зрабіць выбар». Затым зазірнулі ў паперы: «па Інструкцыі пісаць па-беларуску не належыць». «Але на практыцы мы б зразумелі настрой сям’і і рабіць заўвагу школе не сталі б», — сказала намеснік начальніка РГА Аксана Тарасевіч.

Вось і атрымліваецца, што ў тэорыі ў нас дзве дзяржаўныя мовы, а на практыцы падтрымка адной з іх цалкам залежыць ад поглядаў канкрэтнага педагога або чыноўніка.

«Закон не можа ўлічыць усе сітуацыі, таму падобныя выпадкі трэба разбіраць як выключныя і на карысць вучня, бо ў краіне дзвюхмоўе»,
— патлумачыла галоўны інспектар упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Кірыновіч. Затым расхвалявана кінула: «друкуюць на беларускай, каб хоць так не адвыклі ад роднай мовы», і адправіла па каментары да начальніка. Але на працягу трох дзён застаць яго я не змагла. У выніку даслала ў Міністэрства адукацыі афіцыйны запыт. Не пазней чым праз месяц нам павінны адказаць, чаму ж пісаць на беларускай у школьных дакументах нельга.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?