Ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі збярэ дастаткова подпісаў для яго вылучэння кандыдатам у прэзідэнты. Пра гэта заявіў кіраўнік групы міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, адказваючы на пытанні журналістаў перад пачаткам семінара Мінскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь», якое ён узначальвае.
Паводле слоў Радзькова, у ініцыятыўную групу ўваходзяць рабочыя, інтэлігенцыя, моладзь, вядомыя людзі, у тым ліку кіраўнікі навучальных устаноў, прадпрыемстваў. «Гэтыя людзі маюць вопыт удзелу ў палітычных кампаніях па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў і палаты прадстаўнікоў», — сказаў Радзькоў.
Міністр паведаміў, што члены ініцыятыўнай групы 30 верасня пасля працы арганізуюць у Мінску прыкладна 100 пунктаў па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння Лукашэнкі кандыдатам на пасаду прэзідэнта.
«У нас хапае актыву. Ён будзе працаваць карэктна,
не парушаючы заканадаўства, у вольны ад працы час. Саперніцтва на выбарах павінна быць годным і прыгожым», — заявіў Радзькоў.
Ён паведаміў, што члены ініцыятыўнай групы будуць выкарыстоўваць збор подпісаў, каб вывучыць праблемы насельніцтва, выслухаць яго наказы Лукашэнку.
У ініцыятыўную групу гэтага прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ўваходзіць 8.403 чалавекі (другі паказчык пасля групы Сяргея Гайдукевіча).
Збор подпісаў пачаўся 30 верасня і завершыцца 29 кастрычніка. Для вылучэння кандыдата неабходна сабраць не менш за 100 тыс. подпісаў грамадзян.





