Паўсюль багата развялося неабыякавых людзей!
Праз іх уночы давялося гнаць самагон — так спакайней.
Калі над лесам пасвятлела, стаў разбіраць свой апарат.
І раптам — грукаюць у дзверы сусед і мой стрыечны брат,
Туды-сюды, такая справа, маўляў, прыйшлі пагаманіць,
Без самагонкі — не гамонка, маўляў, ты мусіш нам наліць.
Сусед уеўся мне ў пячонкі: аддай, пазыч… І так штодня.
Хацеў прагнаць, дык ён жа з братам, а брата нельга, бо радня.
Ну, то паклікаў іх на кухню свайго напою паспытаць:
Парэзаў агуркоў і сала, а больш няма чым частаваць.
Сусед на трохлітровы слоік зайздросным вокам пазіраў,
Бо ў яго брага не ўдалася, відаць, дражджэй пашкадаваў.
Сядзеў і брат як мыла з’еўшы, адна размова — ‘шчэ налей…
Тады ўключыў я тэлевізар — каб хаця трохі весялей.
На першую праграму трапіў, але няўдала выбраў час,
Ну, дзякуй, дружа-тэлевізар, павесяліў на гэты раз!
«Калі вы ведаеце хаты, ў каторых гоняць самагон,
Паведамляйце неадкладна!» — і на экране тэлефон.
А ўжо за шыбамі шарэе, пара начынне прыбіраць!
Набраўся брат як дзюдзя гразі, сусед пайшоў — нібыта спаць.
У майго брата, як звычайна, — давай па першай, па другой,
Пасля па трэцяй, па чацвёртай, пасля давай яшчэ з сабой…
Ды толькі я не пагадзіўся: хоць брат ты мой, а хлеб еш свой,
Патрэбна вадкая валюта, каб дзе купіць на поле гной.
— А, дык табе начхаць на брата! Глядзі, спамянеш ты мяне!
З майго двара ідзе дахаты і на ўсю вуліцу кляне.
А я зрабіў свае высновы — схаваў у яму апарат.
Займаўся чырванню дзень новы!
Хто ж здасць мяне — сусед ці брат?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0