У расійскай глыбінцы разгараецца вялікі скандал. Сябры фонду «Горад без наркотыкаў» з Ніжняга Тагілу (Свярдлоўская вобласць) асуджаныя да зняволення.

Кіраўнік і арганізатар фонду, Ягор Бычкоў, атрымаў тры з паловай гады калоніі агульнага рэжыму, а іншыя фігуранты справы — Аляксандр Васякін і Віталь Панін — адпаведна чатыры гады зняволення і паўтары гады ўмоўна.

 Ягор Бычкоў. Фота nucl0id.livejournal.com

Ягор Бычкоў. Фота nucl0id.livejournal.com

Маладых людзей, а ім па 23–24 гады, абвінавачвалі ў выкраданні людзей і жорсткім абыходжанні з імі. Пракурор прасіў пакараць Бычкова, Васякіна і Паніна нашмат большымі тэрмінамі — 12, 9 і 3 гадамі пазбаўлення волі.

Уся гісторыя пачалася яшчэ ў 2006 годзе, калі Ягор Бычкоў задумаў арганізаваць фонд для барацьбы з наркаманіяй. Арганізацыя займалася кантрольнымі закупкамі наркотыкаў, сумесна з міліцыяй праводзіла засады і аблавы на гандляроў наркатычнымі рэчывамі. Задачай удзельнікаў фонду «Горад без наркотыкаў» таксама быў удзел у судовых працэсах супраць наркадылераў у якасці панятых.

У канцы 2007 году Бычкоў вырашыў пашырыць сферу дзейнасці. У цесным супрацоўніцтве з праваслаўнай царквой ён разам з сябрамі арганізаваў рэабілітацыйны цэнтр, які размясціўся пры храме Св. Панцеляймона ў паселішчы Паўночны.

Рэабілітацыя праходзіла не зусім звычайна. Наркаманаў у цэнтр прыводзілі бацькі, якія давалі пісьмовую згоду на знаходжанне ў ім сваіх дзяцей і аплачвалі гэта.

Наркаманы заставаліся пад поўным кантролем Бычкова. Ён, разам з паплечнікамі, моцна прывязваў іх да ложкаў і на працягу некалькіх тыдняў утрымліваў у такім стане. Кармілі хворых адно хлебам і часныком. Піць давалі ваду.

Рэабілітацыйны цэнтр праіснаваў нядоўга — да красавіка 2008 году. У міліцыю Ніжняга Тагіла паступіла ананімка ад прыхаджан царквы Св. Панцеляймона, дзе гаварылася аб жорсткім абыходжанні з наркаманамі. У выніку ў цэнтр Бычкова наведаліся супрацоўнікі пракуратуры. Яны забралі з сабой наркаманаў для высвятлення іх асоб і ўжо ў пастарунку міліцыі тыя напісалі скаргі на дзеянні Ягора Бычкова і яго паплечнікаў, звінаваціўшы іх у арганізацыі катаванняў і насільным утрыманні. Вынікам скаргаў стала ўзбудженне крымінальнай справы і доўгі працэс, які скончыўся толькі зараз. Падчас працэсу Бычкоў, Васякін і Панін заставаліся на свабодзе.

Рашэнне суда стала нечаканасцю для ўсіх. Тым больш, што ў абарону падсудных выступілі нават бацькі пацярпелых наркаманаў.
У выніку адвакаты Бычкова, Васякіна і Паніна падалі апеляцыі, настойваючы на невінаватасці іх падабаронных.

Тым часам справа дайшла да самога Мядзведзева. На сустрэчы прэзідэнта Расіі з рок-музыкамі аб Бычкове і яго паплечніках Мядзведзеву расказаў лідар гурту «Чайф» Уладзімір Шахрын. Той паабяцаў разабрацца. Родныя асуджаных, тым часам, непакояцца за іх жыцці. «Іх проста могуць знайсці ў камерах павешанымі», — гавораць яны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?