У Мінску 21 кастрычніка прайшла прэзентацыя кнігі-святапіса «Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца», прысвечанай айцу Аляксандру Надсану. Зала Акадэмічнай бібліятэкі была перапоўненая. Дзіва што! У кнізе сотня аўтараў, а самога айца тысячы людзей шануюць як уласнага духоўнага айца.

У духоўным плане айцец Надсан для незалежнае беларускае грамады адыгрывае ролю, параўнальную з той, якую для тыбетцаў — Далай-лама.
У інтэлектуальным плане гэта адзін з выдатных беларускіх інтэлектуалаў, чый унёсак у развіццё палітычных і гуманітарных даследаванняў Беларусі грандыёзны.

Ірына Дубянецкая коратка прэзентавала кнігу, што складаецца з дзясяткаў кароткіх працаў выдатных навукоўцаў і толікі паэзіі. Яна называе гэты зборнік «святапісам» — кнігай да свята. Так яна перакладае нямецкае слова «фэстшрыфт». Фэстшрыфты звычайна робяцца выбітнаму навукоўцу, калі калегі выдаюць кнігу як шанаванне свайму выбітнаму калегу. Зборнік быў задуманы да 80-годдзя айца Аляксандра і 50-годдзя ягонага святарства. Аднак выйшаў толькі цяпер. Яго прэзентацыі адбылася і ў Вільні, у Лондане — яшчэ адбудзецца. Кніга грунтоўная, сапраўдны скарб для аматараў беларускай гуманітарыстыкі.

Мне ж падалося, што найлепшым падарункам для айца Аляксандра на прэзентацыі была ўсё ж не кніга, а прасветлыя твары юных спевакоў з хору мінскай Катэдры, якія адкрылі спатканне псалмам у перакладзе Казіміра Сваяка і гімнамі аўтарства Альбіна Стаповіча, адшуканымі імі і адноўленымі. Калі ёсць такая моладзь, значыць, зерне, кінутае айцом Аляксандрам, не загінула.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?