У Капыльскім раёне Мінскай вобласці з’явіўся новы экскурсійны маршрут — «Па сядзібах Эдварда Вайніловіча». Ён распрацаваны Капыльскім раённым краязнаўчым музеем да 100-годдзя мінскага касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл), якое адзначаецца ў кастрычніку 2010 года.

Маршрут «Па сядзібах Эдварда Вайніловіча» ўключае наведванне руін сядзібы «Лапухі» ў вёсцы Дунаева, якая ў другой палове XIX стагоддзя належала Вайніловічу. На сродкі ад яе продажу ў 1903 годзе ажыццяўлялася будаўніцтва Чырвонага касцёла. Сёння на месцы сядзібы захаваліся калодзеж і басейн, рэшткі гаспадарчай пабудовы і свірана. Вакол сядзібы на месцы былога парку захавалася некалькі дзясяткаў дрэў. Частка з іх уяўляюць дэндралагічную каштоўнасць: канадская белая таполя, рэдкія гатункі дуба.

Экскурсія праходзіць праз рэшткі радавога маёнтка Вайніловічаў — сядзібу «Савічы» (у аднайменнай вёсцы), якая належала сям’і з XVI стагоддзя. Сёння на месцы сядзібы можна ўбачыць напаўразбураны будынак бровара і невялікі курган з некалькімі надмагільнымі плітамі і драўляным крыжом у памяць пра род Вайніловічаў.

Акрамя таго, экскурсантам прапануецца ўбачыць рэшткі касцёла Святога Міхаіла Архангела ў вёсцы Цімкавічы. У падзямеллях касцёла знаходзіліся фамільныя ўсыпальні роду Вайніловічаў.

Як паведаміла дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова, усяго на Копыльшчыне знаходзіцца шэсць сядзібна-паркавых комплексаў, якія ўяўляюць гістарычную каштоўнасць. Усе яны, аднак, знаходзяцца ў разбураным ці напаўразбураным стане і маюць патрэбу ў аднаўленні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?